Алеся працуе сямейным і дзіцячым псыхолягам, карэкцыйным пэдагогам. У Харкаве мае ўласную студыю творчасьці і псыхалёгіі зь беларускай назвай «Калі ласка». Яна выхоўвае 12-гадовага сына Барыслава і да 24 лютага вяла спакойнае жыцьцё.
«Мне пазванілі раніцай а сёмай, сказалі: „У нас пачалася вайна“, а я адказала „Вы жартуеце“. І расказалі, што ўжо чуваць выбухі, страляніна. Гэта быў шок, а мне трэба на працу. Я не разумела, што такое вайна, бо я ніколі не жыла ва ўмовах вайны. Харкаў на мяжы з Расеяй, і нас абстрэльвалі з боку Белгараду. У наступныя дні ўсё толькі пагаршалася, пачалі яшчэ больш страляць і бамбіць, і я ўжо бачыла ўсё гэта сама», — расказвае Алеся.
«Я бачыла расейскіх салдатаў, але яны былі мёртвыя»
Дом, дзе жыве Алеся, — каля белгарадзкай шашы. Яна наўмысна пайшла туды, каб на ўласныя вочы пераканацца, што адбываецца.
«Там ужо стаяла спаленая расейская тэхніка. Я падышла да вайскоўцаў і спыталася: „Хлопцы, што тут адбываецца?“ А яны кажуць: „Вось расейская тэхніка“. Я спытала: а як вы зразумелі, што гэта расейцы? І мне паказалі машыну, сказалі, што яна з Мурманску, там ляжалі нумары. Яшчэ адна расейская машына проста стаяла ў тупіку. Відаць, кіроўца яе кінуў, бо ня ведаў, куды ехаць. І так ня раз было. Кідаюць танкі і ўцякаюць. Я бачыла расейскіх салдатаў, але яны былі мёртвыя», — расказвае жанчына.
Алеся жыве ў раёне Пяціхаткі. У гэтым раёне месьціцца Харкаўскі фізыка-тэхнічны інстытут. Менавіта сядзібу навучальнай установы расейская армія выбрала сабе як цэль.
«Яго цалкам разбамбілі і падпалілі. Я на ўласныя вочы бачыла, як гарэў будынак. Пазьней абстралялі дзіцячую лякарню, школу, стралялі па дамах. І з кожным днём усё больш і больш. Калі цяпер прайсьціся па нашым раёне, то палова будынкаў ня мае вокнаў. Ляцяць „Грады“, відаць нават было, як зьбіваюць самалёты. Усё гэта адбываецца на нашых вачах. Я жыву на восьмым паверсе. Усё выбухае, трэба ўцякаць у падвал, бо калі сядзець на 8-м паверсе, то вялікая імавернасьць, што загінеш», — кажа Алеся.
На яе думку, расейцы такімі абстрэламі стараюцца дэмаралізаваць насельніцтва гораду, каб мірныя жыхары паўплывалі на вайскоўцаў, каб тыя здалі Харкаў. «Але гэтага ня будзе. Мы ня хочам, каб Харкаў стаў часткай Расеі», — кажа Алеся.
Функцыянаваньне гораду моцна парушанае. У пасёлку Алесі жыхарам, якія апынуліся ў цяжкой сытуацыі, дапамагаюць валянтэры. Яны забясьпечваюць прадуктамі, лекамі, дапамагаюць старым людзям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЧАЭС цалкам абясточаная пасьля захопу расейскімі войскамі. Ці ёсьць небясьпека для Беларусі«Ані разу ў жыцьці мяне ва Ўкраіне не папракнулі за расейскую мову»
Пасьля пачатку вайны Алеся ўжо мела зносіны са сваякамі ў Беларусі.
«Яны кажуць, што мы тут замбаваныя. Нават сястра мая так кажа. Праўда, частка сваякоў прызнае, што я маю рацыю, бо яны жывуць у горадзе недалёка ад мяжы, куды кожныя 30 хвілін прылятаюць самалёты, і яны на ўласныя вочы бачаць расейскую вайсковую тэхніку. І гэтыя танкі потым ідуць на нас. Я вельмі баюся, што ва Ўкраіну пойдуць і беларускія салдаты. Я хачу, каб беларусы ня страцілі адэкватнасьці толькі таму, што яны скажона ўспрымаюць інфармацыю. У маёй студыі ў Харкаве вісіць беларускі дзяржаўны сьцяг, беларуская назва і тэкст гімну. Мне будзе вельмі сорамна, калі беларусы далучацца да расейцаў», — кажа Алеся.
Падобныя размовы ў Алесі былі і з расейцамі. Яны даводзілі беларусцы, што такім чынам помсьцяць за «спаленую Адэсу», прэвэнтыўна атакуюць, каб Украіна не напала на Расею, або спрабуюць перашкодзіць Украіне стварыць ядзерную зброю.
«Ну гэта ж нейкі абсурд. Пачынаюць гаварыць, што я замбаваная, што мы тут нацысты. Слухайце, я 10 гадоў не гляджу тэлевізар, увесь час працую. Харкаў — гэта Ўкраіна, але гэта расейскамоўны горад. Я сама расейскамоўная, не размаўляю па-ўкраінску, і ніколі да мяне ніхто не прыйшоў і не сказаў: „Алеся, пераходзь на ўкраінскую мову“. Я ежджу на розныя сустрэчы ў заходняй Украіне, выходжу ў залю і кажу: „Я размаўляю з вамі па-расейску не таму, што я не хачу размаўляць на ўкраінскай, а таму, што я яе ня ведаю“. І ўсе пераходзяць на расейскую мову, нават калі некаторым было складана. Ані разу ў жыцьці мяне ва Ўкраіне не папракнулі за расейскую мову», — кажа Алеся.
«Сын зь сябрам зьбіраўся нават на вайну, але яму ўсяго 12»
У аўторак яна з сынам прыехала з Харкава на захад Украіны. Расказвае, што складана было даехаць нават да вакзала, бо ішлі абстрэлы. Цяжка было таксама сесьці на цягнік, які ў выніку ехаў аб’ездамі, каб ня трапіць пад бомбы.
«Майму сыну 12 гадоў. Спачатку ён быў у шоку, але зь цягам часу стаў разумець, што гэта праўда, і нібыта зь сябрам зьбіраўся нават на вайну, але яму ўсяго 12. Падлеткам цяпер вельмі складана, гэта моцна ўплывае на псыхіку. Яны разумеюць, што яны нешта павінны зрабіць, і ня робяць. Яны моцна закрываюцца. Як псыхоляг магу сказаць, што празь некаторы час у іх будуць сур’ёзныя наступствы. Ня толькі для падлеткаў, але і дарослых, і маленькіх», — расказвае беларуска з Харкава Алеся Абозная.
Яна хоча вярнуцца ў Харкаў, калі ўсё скончыцца і там ізноў будзе бясьпечна. Але сумняваецца, што канфлікт паміж народамі міне хутка.
«Вельмі шмат сьмерцяў. Харкаў зьнішчаны. Як пасьля гэтага ўкраінцы будуць ставіцца да расейцаў? У маім раёне забілі 20 чалавек, толькі на сёньня. Як пасьля такога расейцы прыйдуць і мы будзем абдымацца? Сёньня гэтае пытаньне нават не абмяркоўваецца. Расея прынесла нам столькі сьлёз, гора. Як пасьля такога яна будзе братам? Але Ўкраіна выстаіць. Мы будзем бараніцца да канца», — кажа Алеся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ня верыў, што мы застанёмся жывымі». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай