Каардынацыяй збору рыштунку займаецца Кірыл Якімовіч, сэртыфікаваны горны гід. Дзесяць гадоў таму ў яго была ўласная крама з вайсковымі таварамі, таму ён добра ведае, як і дзе здабываць такія рэчы. Гаворка не пра зброю, а пра іншыя рэчы, неабходныя ў зоне баявых дзеяньняў: вопратка, бронекамізэлькі, шлемы, аптэчкі і г. д. Гэта ўсё легальна і набываецца ў звычайных вайсковых крамах.
«За пару дзён беларусы Прагі сабралі $10 тысяч»
У першы дзень вайны Кірыл пачаў дапамагаць свайму ўкраінскаму сябру, які займаецца валянтэрствам для ўкраінскай арміі. Але ўжо неўзабаве яму давялося пераключыцца на беларускіх добраахвотнікаў.
«Я пабачыў у інтэрнэце здымак беларусаў ва Ўкраіне са зброяй. Там быў подпіс, што гэта беларускія добраахвотнікі. Яны былі ў звычайных джынсах, распранутыя. У аднаго левы накаленьнік, у іншага правы. Нават самалійскія піраты лепш экіпаваныя, чым некаторыя нашыя хлопцы», — кажа Кірыл.
Так ён вырашыў зьбіраць рыштунак для беларусаў сыстэмна.
«Я знайшоў куленепрабівальныя пласьціны, цэлую партыю выкупіў мой сябра, які мае на гэта грошы. Цяпер у нас іх больш за сотню. Пасьля мы паехалі зь ім у Нямеччыну на аптовы склад і прывезьлі цэлую фуру рыштунку на тыя грошы, якія сабралі людзі ў нашым чаце ў тэлеграме «Беларусы Прагі», а гэта недзе 10 тысяч даляраў», — расказвае Якімовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экстрэмал, патрыёт, прадпрымальнік. Пра беларуса, які зварыў піва да 100-годзьдзя БНР«Нехта прынёс цеплавізар, нехта біноклі, прысмакі, нават піва»
Беларусы з Украіны даслалі ў Прагу табліцу са сваімі памерамі, і так Кірыл з калегамі пачалі зьбіраць камплекты.
«Кожны атрымае торбу, дзе напісаны ягоны пазыўны, там усё, ад шкарпэтак да цёплай курткі, уключаючы каску і бронекамізэльку. Падчас працэсу нас кансультаваў украінскі марпех, ён вэтэран і зьбіраецца на вайну ізноў. Таму ён канкрэтна мог сказаць, што прыдасца, а што не. Праскія беларусы аказаліся людзьмі заможнымі. Адзін чалавек прынёс цеплавізар, нехта біноклі, дык мы добра ўпакавалі камплекты. У тым ліку прысмакі, нават піва, напіхалі ўсяго і адвезьлі», — кажа Кірыл.
З Чэхіі гатовыя камплекты адправілі ў Польшчу. Там іх ужо чакалі сем беларускіх добраахвотнікаў. Пераапрануўшыся на месцы, яны рушылі ва Ўкраіну. Рэшта камплектаў таксама ўжо дабралася ва Ўкраіну.
«Калі прыяжджае беларус зь вялікім сэрцам, але ў джынсах і адным накаленьніку і бяз вопыту, то зброю дадуць ня нашым»
Кірыл Якімовіч кажа, што некаторыя беларускія добраахвотнікі едуць ва Ўкраіну практычна напаўголыя. А праблема ў тым, што на месцы практычна немагчыма знайсьці вайсковае абсталяваньне.
«Украіна дае аўтаматы, але найперш тым, хто ваяваў і мае ўласны рыштунак. Калі прыяжджае беларус зь вялікім сэрцам, але ў джынсах і адным накаленьніку і бяз вопыту, то зброю дадуць ня нашым, а ўкраінцам, якія ўжо ваявалі. А такіх 250 тысяч», — кажа праскі беларус.
Якімовіч тлумачыць, што беларусаў ніхто ва Ўкраіне ня будзе забясьпечваць камплектамі рыштунку. Украіна спачатку ўзбройвае ўласную армію, а пасьля легіён добраахвотнікаў. Ён прыводзіць у прыклад датчан ці брытанцаў, вэтэранаў вайны ў Афганістане, якія прыяжджаюць ва Ўкраіну ў рыштунку «з іголачкі».
«Ім толькі даюць зброю, і яны ідуць ваяваць. Гэта непараўнальна з нашымі. Таму я прашу, каб людзі спачатку думалі. Мы ўжо супрацоўнічаем з рознымі беларускімі ініцыятывамі. У адных ёсьць грошы, у іншых людзі, а ў нас ёсьць досьвед і лягістыка, каб усё набыць па танных коштах. Часам нават у чатыры разы таньней, чым у крамах», — расказвае Кірыл.
«Беларусы едуць туды і нічога ня хочуць слухаць. А пасьля пішуць у тэлеграм і просяць бронекамізэльку»
Поўны рыштунак, уключаючы бронекамізэльку і каску, для аднаго чалавека Якімовіч ацэньвае недзе ў 1000 эўра. Да гэтага трэба дадаць камплектацыю аптэчкі. Толькі за сродак Cloth, які спыняе кроў, трэба заплаціць амаль 80 даляраў.
Іншая задача — трэнінгі для добраахвотнікаў па мэдыцыне і тактыцы. Якімовіч кажа, што яны ўжо маюць такія прапановы ад польскіх і чэскіх вайскоўцаў, каб рабіць 7-гадзінныя трэнінгі па стандартах NATO.
«Але нашых добраахвотнікаў, як тую Пагоню, не спыніць і не стрымаць. Яны лятуць і нічога ня хочуць слухаць. А пасьля пішуць у тэлеграм і просяць бронекамізэльку, — расказвае Якімовіч. — Толькі што зрабіў заказ на 100 чалавек. Мы не пацягнем такую суму самі, але я разумею, што калі мы цяпер гэтага ня купім, то самі ўкраінцы нас апярэдзяць. Будзем плаціць па частках, калі што. Толькі што знайшоў 75 шлемаў у Гішпаніі, зараз будзем іх купляць пры дапамозе фонду BySol. Бо колькасьць беларусаў, якія хочуць ехаць ва Ўкраіну, ідзе ўжо на сотні. Нехта ўжо ўкамплектаваны. А кагосьці ўжо ўзброілі ўкраінцы. Але новым мы павінны дапамагчы. З грашыма абяцалі дапамагчы беларускія фонды. Хачу падзякаваць усім праскім беларусам і валянтэрам з Украіны, Расеі, Нямеччыны, Ізраілю, Францыі ды іншых краін, якія дапамагаюць нам грашамі, лягістыкай ды рэчамі».
Цяпер у плянах Кірыла і калегаў стварыць на тэрыторыі ЭЗ цэнтар са складам, дзе б беларускі добраахвотнік мог памераць рыштунак, перад тым як ехаць у зону баявых дзеяньняў.