Літоўская кампанія LTG Cargo з 7 сакавіка прыпыніла прадастаўленьне чыгуначных вагонаў-плятформаў для перавозак у Расею і Беларусь і транзытам у іншыя краіны.
Выключэньне складаюць толькі Латвія і Эстонія, паведамляецца ў прэс-рэлізе, разьмешчаным на сайце грузавога апэратара.
Такія меры прынялі ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну. На думку кампаніі, вагоны-плятформы могуць скарыстаць для перавозкі вайсковай тэхнікі. Кампанія таксама вывучае ўведзеныя санкцыі і прыпыняе транспартаваньне падсанкцыйных грузаў. У прыватнасьці, прынята рашэньне адносна мэталапрадукцыі.
«LTG Cargo заклікала Расейскую і Беларускую чыгункі ў тэрміновым парадку вярнуць вагоны, якія належаць літоўскай кампаніі. Таксама патрабуем тэрміновага вяртаньня вагонаў, якія ідуць транзытам праз гэтыя краіны», — паведамляецца ў прэс-рэлізе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы ўдарылі суседа нажом у сьпіну». ЗША і Эўразьвяз прызналі Беларусь саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына ня будзе ўводзіць эмбарга на пастаўкі нафты і газу з Расеі