У Польшчы забаранілі вяшчаньне тэлеканалу «Беларусь 24»
Нацыянальная рада тэлерадыёвяшчаньня Польшчы выключыла з рэестру тэлепраграм канал «Беларусь 24» (TV Białoruś) і расейскі «Первый канал» (Channel 1 Russia, ORT1), якія трансьлююцца на тэрыторыі краіны, паведамляецца на сайце ведамства.
«Праграмы выдаляюцца з рэестру за разьмяшчэньне кантэнту, які пагражае бясьпецы і абараназдольнасьці дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Старшыня рады Вітольд Каладзейскі заявіў, што ва ўмовах гібрыднай вайны «беларуская тэлевізія не саступае расейскай».
«Таму мы вырашылі, што яна таксама пагражае бясьпецы польскай дзяржавы. Такім чынам, тэлеканал „Беларусь 24“ быў выключаны са сьпісу дазволеных [да вяшчаньня]».
Раней Нацыянальная рада тэлерадыёвяшчаньня забараніла трансьляваць на тэрыторыі Польшчы расейскія тэлеканалы RT (Russia Today), RT Documentary, RTR Planeta, «Союз ТВ» і «Россия 24».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Бандэраўцы“ сваімі дзеяньнямі толькі правакуюць вайну». Што пра расейска-ўкраінскі канфлікт пішуць беларускія дзяржаўныя СМІ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна сама змусіла Расею да пачатку спэцапэрацыі». Што на другі дзень вайны Расеі супраць Украіны пішуць пра яе беларускія дзяржаўныя СМІ