American Express прыпыніла працу ў РФ і Беларусі

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслугаў на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі, апублікаванай у нядзелю на яе сайце.

Як падкрэсьліваецца ў дакумэнце, у сувязі з падзеямі вакол Украіны American Express прыпыняе «усе апэрацыі ў Расеі». «Выдадзеныя ва ўсім сьвеце карты American Express больш ня будуць працаваць у банках і банкаматах у Расеі», — тлумачыцца ў заяве. Акрамя таго, «выпушчаныя ў Расеі карты ня будуць функцыянаваць за межамі краіны». «Мы таксама спыняем усе дзелавыя апэрацыі ў Беларусі», — падкрэсьлілі ў кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Visa і Mastercard спыняюць трансакцыі з расейскімі кліентамі

Раней аб прыпыненьні аказаньня паслугаў у Расеі заявілі фінансавыя кампаніі — эмітэнты плацёжных картаў — Visa і Mastercard.

Сёньня стрымінгавы сэрвіс Spotify прыпыніў продаж падпіскі Premium у Расеі. Гэта зьлвязана з прыпыненьнем працы Visa і Mastercard.

Мноства іншых заходніх кампаніяў спынілі ці прыпынілі свой бізнэс у Беларусі і Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Платная сыстэма PayPal прыпыніла працу ў Расеі