Чачэнскія вайскоўцы расейскага войска (таксама вядомыя як «кадыраўцы» паводле прозьвішча кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава) захапілі псыханэўралягічны інтэрнат у Барадзянцы ў Кіеўскай вобласьці, заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава са спасылкай на зьвесткі Міністэрства сацыяльнай палітыкі.
Паводле яе, ва ўстанове знаходзяцца 600 чалавек з устойлівымі інтэлектуальнымі або псыхічнымі парушэньнямі. Яны патрабуюць догляду і лячэньня.
«Пра факт захопу пасьпела паведаміць кіраўніцтва інтэрната. Цяпер сувязь зь ім адсутнічае. Па наяўнай інфармацыі ад жыхароў гораду, войскі агрэсара замінавалі ўсе падыходы да інтэрнату, прыкрываючыся падапечнымі і пэрсаналам установы. Адтуль вядуць артылерыйскі агонь па пазыцыях украінскай арміі», — паведаміла Дзянісава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы абяцалі гуманітарны калідор для эвакуацыі жыхароў Марыюпалю і Валнавахі, але не далі. Дзясяты дзень вайны Расеі супраць УкраіныЯна адзначыла, што гэтыя дзеяньні парушаюць Гааскую канвэнцыю аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнэўскую канвэнцыю аб абароне цывільнага насельніцтва падчас вайны. Дзянісава зьвярнулася ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа з просьбай садзейнічаць стварэньню гуманітарнага калідору для вывядзеньня пацыентаў і пэрсаналу ўстановы з інтэрнату.
Раней аб тым, што расейскія войскі зайшлі на тэрыторыю псыханэўралягічнага інтэрнату, паведаміў кіраўнік Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксей Кулеба. У той момант інфармацыя была не пацьверджана. Кулеба ўказваў на тое, што ў апошнія дні інтэрнат зьяўляўся сховішчам і для мясцовых жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ: у Івана-Франкоўскай вобласьці затрымалі арганізатараў сеткі па стварэньні «Фэдэратыўнай рэспублікі Украіна»