Украінскія СМІ паведамляюць пра гібель перамоўніка са складу ўкраінскай дэлегацыі. СБУ не пацьвярджае

Дзяніс Кірэеў другі зьлева на заднім пляне

Адразу некалькі ўкраінскіх інтэрнэт-выданьняў паведамілі аб гібелі удзельніка ўкраінскай дэлегацыі на перамовах з Расеяй Дзяніса Кірэева пры спробе ягонага затрыманьня Службай бясьпекі Ўкраіны паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе.

Сайт «Украінская праўда» паведамляе, што Кірэева застрэлілі ў часе затрыманьня. Нібыта ёсьць шмат запісаў тэлефонных перамоваў, якія сьведчылі пра ягоную здраду.

Украінская ўлада не паведамляла, паводле якіх крытэраў фармавалася перамоўная група.

Вядома, што ў яе склад былі ўключаныя міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў, дарадца офісу прэзыдэнта Міхайла Падаляк, намесьнік міністра замежных справаў Мікола Тачыцкі, кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія і прадстаўнік Украіны ў складзе трохбаковай Менскай групы Андрэй Косьцін.

Пра Кірэева не паведамлялі, ён быў прысутны толькі на першым раўндзе перамоваў. У другім раўндзе ён ужо ня ўдзельнічаў.

Што вядома пра Кірэева

Дзяніс Кірэеў быў вядомым украінскім фінансістам. Ён працаваў у кіраўніцтве двух дзяржаўных банкаў — «Ощадбанк» і «Укрексімбанк».

Ён нарадзіўся ў Кіеве, закончыў Кіеўскі політэхнічны ўнівэрстэт. Потым павышаў кваліфікацыю ў Маскоўскім псыхоляга-пэдагагічным унівэрсытэце, а таксама прайшоў курс Unico Banking Institute у Амстэрдаме (Нідэрлянды).

Кірэеў працаваў у шэрагу замежных банкаў, а таксама ў інвэстыцыйных фондах. Быў жанаты, выхоўваў траіх дзяцей.

Вядома, што ў 2006–2008 гаах ён працаваў намесьнікам генэральнага дырэктара кампаніі «СКМ Фінанс», якая ўвахоздіць у склад бізнэс-імпэрыі ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава. А пасьля — у аўстрыйскай кампаніі GROUP SLAV AG, зьвязанай з бліжэйшымі папалечнікамі Віктара Януковіча — братамі Андрэем і Сяргеем Клюевымі.

Андрэй Клюеў працаваў ува ўсіх урадах Віктара Януковіча віцэ-прэм’ерам. Калі ў 2014 годзе пачалася Рэвалюцыя годнасьці, Андрэй Клюеў працаваў сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, а са студзеня 2014-га — ачоліў адміністрацыю прэзыдэнта Януковіча. Пасьля рэвалюцыі ўцёк з Украіны, але ў 2019 годзе спрабаваў вылучыцца кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнай Рады. ЦВК яго спачатку зарэгістравала, але потым скасавала рэгістрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы паміж Украінай і Расеяй пачаліся ў рэзыдэнцыі Лукашэнкі. ВІДЭА

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.