У Крупках мужчыну асудзілі да 1,5 гадоў «хатняй хіміі» за слова «ган.оны»
Суд Крупскага раёну вынес вырак у справе Сяргея Шынкевіча, якога абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады. Мужчына пад фатаздымкам, на якім два міліцыянты Дубровенскага аддзелу ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму адбіраюць у дзяцей надзіманыя балёнікі, пакінуў камэнтар «ган.оны».
Пасьля адкрыцьця крымінальнай справы да Сяргея прыехалі супрацоўнікі міліцыі і запісалі зь ім «пакаяльнае» відэа, якое разам са скрыншотам абразьлівага камэнтара фігуравала ў матэрыялах крымінальнай справы як доказ.
Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Любоў Сівакова асудзіла Шынкевіча на 1,5 года «хатняй хіміі», пастанавіўшы кампэнсаваць пацярпелым «маральную шкоду» ў 500 рублёў кожнаму, а таксама юрыдычныя выдаткі, якія склалі прыблізна 1 300 рублёў.
Журналістку і яе мужа асудзілі на 15 содняў
Затрыманую ўчора на выхадзе з Катэдральнага сабору ў Менску журналістку газэты «Новы час» Дзіяну Серадзюк і яе мужа Яўгена Батуру асудзілі на 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Дзіяну, як і Яўгена, абвінавацілі ў «непадпарадкаваньні міліцыянтам» (арт. 24.3 КаАП Беларусі).
Дзіяну і Яўгена затрымалі ўвечары 3 сакавіка на выхадзе з Катэдральнага сабору Сьвятога Духу, дзе беларускія маці ладзілі супольную малітву Маці Божай аб спыненьні нападу Расеі на Ўкраіну.
Супраць Серадзюк на судзе сьведчыў міліцыянт, імя якога схавалі.
Барда аштрафавалі за сьцяг
Паэт і бард Георгі Станкевіч атрымаў кару ў 2240 рублёў штрафу, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Георгія абвінавацілі ў тым, што на адным з сайтаў быў ягоны фатаздымак зь бел-чырвона-белым сьцягам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 сакавіка: Затрымалі маці беларускіх салдатаў, якія маліліся ў царкве за мір; суды за антываенныя адзіночныя пікеты