Калі вы маеце візу і неабходныя дакумэнты — выехаць можна па зямлі на аўтамабілі ў Польшчу і Літву. На цягнік да Калінінграду (адтуль — у Літву і Польшчу) можна сесьці, маючы візу. Аднак квіток можна купіць толькі ў звычайнай касе, адстаяўшы вялікую чаргу. Ці ёсьць квіткі ў продажы, праверыць складана.
Бязь візы беларусы могуць трапіць у Грузію, Турэччыну ці Расею. У Беларусі цяпер складана адкрыць візу ў Польшчу. Людзі наракаюць, што цяжка ці немагчыма запісацца на падачу дакумэнтаў. Раней выдавалі візы за 10 дзён, цяпер, кажуць крыніцы, тэрмін даўжэйшы. Сытуацыя ўвесь час мяняецца.
Што рабіць, калі няма візы?
Частка беларусаў накіроўваецца ў Маскву, каб адтуль рушыць у іншыя краіны. Папулярным для беларусаў кірункам была і ёсьць Грузія. Цяпер наўпрост даляцець туды праблема — да канца сакавіка няма квіткоў на самалёт. У дзьвюх турыстычных фірмах, куды зьвярнулася Свабода, цяпер няма прапановаў наконт Грузіі. Прынамсі, у бліжэйшы час.
Зь Менску можна вылецець у Ерэван. Каштуе гэта на сёньня 885 рублёў. Бліжэйшы рэйс 11 сакавіка. Адтуль можна перабрацца ў Грузію ды іншыя краіны, дзе не патрэбная віза. Адна зь фірмаў прапануе тыднёвы тур у Тбілісі на 26 сакавіка за 530 эўра. Перадаплата — 300 эўра плюс 3% паводле курсу. У фірме папярэдзілі, што цана можа зьмяніцца празь нестабільныя курсы валютаў.
На момант публікацыі яшчэ былі квіткі на рэйс Менск — Кутаісі на 27 сакавіка, цана бяз збораў 464 даляры.
У іншай турфірме прапанавалі трапіць у Тбілісі ў бліжэйшыя дні маршрутамі Менск — Масква — Стамбул — Тбілісі ці Менск — Масква — Мінэральныя Воды — Тбілісі. Усе пералёты праз Стамбул каштуюць нятанна, прычым цэны зьмяняюцца на вачах. Пералёт зь Менску да Тбілісі праз Маскву і Стамбул на сёньня каштуе 3530 рублёў, ці 1140 даляраў. Пералёт Масква — Мінэральныя Воды абыходзіцца цяпер у каля 60 даляраў.
Можна разглядаць пералёт з Масквы да Ўладзікаўказу. Адтуль — на маршрутцы ці таксі да Грузіі. Аднак цяпер пераход у Грузію закрыты праз сыход лавіны і моцны сьнегапад. Магчыма, у бліжэйшыя дні сытуацыя зьменіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйкавая вайна. Як беларусы спрабуюць спыніць расейскую армію