ЗША: Расея і Беларусь панясуць дадатковыя эканамічныя выдаткі за ўварваньне ва Ўкраіну

Белы дом у Вашынгтоне

Злучаныя Штаты ў каардынацыі з саюзьнікамі і партнэрамі накладуць дадатковыя эканамічныя выдаткі на Расею і Беларусь у адказ на жорсткае ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Пра гэта паведамляе сайт Белага дому, адзначаючы, што Злучаныя Штаты прымуць меры, «каб прыцягнуць Беларусь да адказнасьці за ўварваньне Пуціна ва Ўкраіну, аслабіць расейскі абаронны сэктар і яго вайсковую моц на наступныя гады, нацэліцца на найважнейшыя крыніцы багацьця Расеі і забараніць расейскім авіякампаніям палёты ў паветраную прастору ЗША».

Паводле паведамленьня, меры, якія прымуць сёньня, уключаюць:

  • шырокія абмежаваньні на імпарт тэхналёгіяў Беларусьсю;
  • усеабдымныя санкцыі супраць расейскіх абаронных структураў;
  • экспартныя абмежаваньні, арыентаваныя на нафтаперапрацоўку, ключавую крыніцу даходу, якая падтрымлівае расейскі вайсковы сэктар;
  • санкцыі супраць эканамічных суб’ектаў, якія падтрымліваюць расейскі і беларускі вайсковыя сэктары;
  • забарону расейскім самалётам заходзіць у паветраную прастору ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ пашырае эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску. SWIFT пакуль не чапалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз дамовіўся адключыць ад SWIFT сем расейскіх банкаў, а таксама накласьці санкцыі на RT і «Спутник»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз пашырыў санкцыйны сьпіс беларускіх чыноўнікаў яшчэ двума дзясяткамі прозьвішчаў