У Старабельску на Луганшчыне мясцовыя жыхары блякуюць расейскую тэхніку

Зьнішчаная расейская ваенная тэхніка ва Ўкраіне

Кіраўнік Луганскай вайсковай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў аб вельмі складанай сытуацыі ў Луганскай вобласьці.

«У нас сытуацыя стабільна напружаная. Нашыя вайскоўцы трымаюць абарону і наносяць удары ў адказ. Вораг ужо абстрэльвае і Севераданецк, і Лісічанск (падкантрольныя Ўкраіне. — РС). Сёньня таксама прыляцела ўжо ў цывільныя раёны. Ёсьць параненыя, але, дзякаваць Богу, няма забітых», — заявіў Сяргей Гайдай у звароце да мясцовых жыхароў.

Паводле яго, Горскую грамаду ў Севераданецкім раёне расстрэльваюць з усёй зброі.

«Там засталося, магчыма, 20-30% дамоў. Там вельмі цяжкая сытуацыя, і мы нават ня можам прывезьці гуманітарную дапамогу».

Сяргей Гайдай разьмясьціў на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook відэазапіс, на якім відаць, як выйшлі супраць расейскай вайсковай тэхнікі жыхары Старабельску. Жыхары выйшлі зь дзяржаўнымі ўкраінскімі сьцягамі, сьпяваючы гімн Украіны, а калі расейскіх танкісты адкрылі агонь з аўтаматаў, пачалі выгукваць па-расейску: «Акупанты! Забойцы!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моргі і шпіталі ў Гомельскай вобласьці перапоўненыя расейскімі вайскоўцамі, — сьведкі