Леанід Кучма зьвярнуўся да расейцаў: «Ня будзьце саўдзельнікамі злачынства»

Леанід Кучма

Былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма зьвярнуўся да грамадзян Расеі ў сувязі з расейскім узброеным уварваньнем ва Ўкраіну.

Як сьцьвярджае Кучма, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадаў «зьнішчыць украінскі народ і Ўкраіну. Гэта адбываецца проста цяпер, у гэтыя хвіліны. Ваша армія страляе па жылых дамах, школах, лякарнях, радзільных дамах, дзіцячых садках».

Кучма заклікаў расейцаў «ня быць саўдзельнікамі найстрашнейшага ваеннага злачынства з часоў Гітлера». «Мая жонка — руская, і яна ў жаху ад таго, што расейскі народ такое робіць. Мой бацька ляжыць у рускай зямлі пад Вялікім Ноўгарадам, які ён абараняў, — гаворыцца ў звароце былога ўкраінскага прэзыдэнта. — Калі расейскі народ ацьверазее і апамятаецца, ён будзе мець пякучы сорам і ганьбу за тое, што ў 2022 годзе іх бацькі і дзеці леглі ва ўкраінскую зямлю, не абараняючы яе, а спрабуючы захапіць — так, як гэта рабілі нацысты ў 1941 годзе, калі на іх шляху стаў старэйшы сяржант Даніла Кучма».

Леанід Кучма быў прэзыдэнтам Украіны з 1994 па 2005 год і падтрымліваў добрасуседзкія адносіны з Расеяй.

Расейскія афіцыйныя асобы сьцьвярджаюць, што войска на тэрыторыі не абстрэльвае цывільных аб’ектаў. Існуюць шматлікія сьведчаньні абстрэлаў і пацьверджаныя факты гібелі мірных жыхароў. Раніцай у аўторак ракета трапіла ў будынак Харкаўскай абласной адміністрацыі ў самым цэнтры Харкава. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэта «актам тэрору».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Беларусі: Ні пад Чарнігавам, ні пад Кіевам няма беларускіх вайскоўцаў