Пра тое, што гавораць у школах Беларусі пра вайну ва Ўкраіне, распавялі чытачы Zerkalo.io.
Вучні і іх бацькі паведамілі выданьню пра нэгатыўныя выказваньні настаўнікаў у адрас Украіны. Такі выпадак апісала чытачка, дачка якой вучыцца ў старэйшых клясах гімназіі № 7 Менску. Паводле яе, адзін з настаўнікаў гісторыі на ўроку казаў дзецям, што «ва ўсім вінаватыя амэрыканцы, і таму „добрай“ Расеі прыйшлося рабіць зачыстку ад нацыяналістаў».
Але самі дзеці да такіх выказваньняў паставіліся скептычна — жанчына піша, што «і так усё ўсё разумеюць».
Падобную размову завялі ў яшчэ адной школе ў Дзяржынскім раёне. Там, піша чытач, клясная кіраўніца расказвала дзецям, што ва Украіне праводзіцца спэцыяльная аперацыя, а не вайна, і што «Ўкраіна напала на Беларусь і Расею, а мы проста абараняемся».
Адзін з вучняў ня вытрымаў і запярэчыў настаўніцы, што ўсё насамрэч наадварот. Такі пункт гледжаньня, распавёў суразмоўца, аказаўся папулярным — у адказ на словы настаўніцы «ківалі галавой» усяго некалькі чалавек.
У адной зь гімназіяў Горадні пра вайну ва Ўкраіне дзецям, паводле чытачоў, расказваў кіраўнік вайскова-патрыятычнага выхаваньня. Як піша чытачка, ён казаў старшакляснікам, што «Ўкраіна ня мае незалежнасьці і ня мае сувэрэнітэту», «ЗША пастаянна правакуе Расею», і наагул «трэба сказаць дзякуй нашаму ўраду за тое, што ў іх усё добра і яны не панікуюць».
Такую прамову, перадае суразмоўца з словаў сваёй дачкі, вучні амаль ня слухалі — усе «сядзелі» ў тэлефонах.Развагі аб вайне закранулі і каледжы. Як расказаў навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжу, там пра ўсё гэта гаварылі на асобным факультатыве, які называецца «Дасьледаваньне гуманітарнага права».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Bellingcat: «Стратэгія Крамля — зрабіць Беларусь злачынцам». ВІДЭАЁн зьявіўся зусім нядаўна — першыя заняткі былі 18 лютага. Тады, піша чытач, казалі, якая Ўкраіна дрэнная, запэўнівалі, што Расея ніколі на яе не нападзе, апавядалі, «які там зараз робіцца жах» і «як бамбяць ЛНР і ДНР».
Яшчэ з тэзісаў: «улада ва Ўкраіне гэта толькі прыкрыцьцё, насамрэч усім кіруе Захад».
На другім факультатыве, калі вайна ўжо ішла, рыторыка захавалася, піша чытач: спачатку крыху сказалі пра тое, што расейскія войскі бамбяць толькі вайсковыя аб’екты Украіны, а потым уключылі паўтарагадзінны фільм каналу «Россия-24» — «Украіна ў агні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі блякаваць украінскія СМІ ў сувязі з расейскай вайной супраць УкраіныРэакцыя навучэнцаў была такой жа, як і ў іншых падлеткаў, — усе проста «сядзелі» ў тэлефонах, кажа суразмоўца. А вось у адной з школаў Пінску думкі настаўнікаў падзяліліся, піша чытач.Ён вучыцца ў старэйшых клясах гэтай школы і расказвае, што большасьць пэдагогаў не апраўдвае Расею — кажуць, што ў тым, што адбылося, «вінаватыя ўсе» і што «страшна, калі Беларусь уцягнуць у вайну». Да таго ж, цьвердзіць школьнік, часьцей за ўсё такія размовы пачынаюцца з ініцыятывы саміх падлеткаў — ім цікавая думка настаўнікаў.
Суразмоўца прыводзіць толькі адно нэгатыўнае выказваньне ў адрас Украіны: паводле яго, адзін з пэдагогаў казаў, што яна «вінаватая ў вайне, бо парушала Менскія пагадненьні, бамбуючы Данбас 8 гадоў». Ёсьць і адваротныя выпадкі, калі настаўнікі падтрымліваюць Украіну і адкрыта гавораць пра гэта дзецям. Напрыклад, у адной з гімназіяў Менска 24 лютага, піша чытачка, падчас уроку настаўніца расказала дзецям аб пачатку вайны, падкрэсьліўшы, што Расея напала на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «І чаму гэтая вайна павінна быць?» Гутарка з маці палоннага расейскага салдата. ВІДЭАЯшчэ адна чытачка, маці якой працуе ў адной са школаў Горадзенскай вобласьці, расказала, што перад кожным урокам яна праводзіць хвіліну маўчаньня:
«Давайце памаўчым за дзетак Украіны, якія сёньня не пайшлі ў школу, якія хаваюцца ў сховішчах, за загінулых жыхароў». У клясах малодшыя дзеці часта не разумеюць, працягвае суразмоўца, у старэйшых — апускаюць галовы. Некаторыя школьнікі плачуць — у многіх сваякі ва Ўкраіне. Да таго ж жанчына рэгулярна расказвае дзецям аб ходзе вайны — без узгадненьня з адміністрацыяй. Некалькі беларускіх настаўнікаў паведамілі нам, што ўказаньняў праводзіць нейкія інфармацыйныя гадзіны наконт вайны ва Ўкраіне пакуль не было: «Хутчэй за ўсё, ім (упраўленьням адукацыі) яшчэ не да гэтага, усе былі занятыя рэфэрэндумам», — лічыць настаўніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт прыняў да разгляду заяўку Ўкраіны на сяброўства ў Эўразьвязе. Перад гэтым дэпутаты выслухалі Зяленскага. ВІДЭАНапад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.