«Разам з многімі іншымі дзеяньнямі, інкрымінаванымі абвінавачаным, Мікалай Аўтуховіч і іншыя ўчынілі акты тэрарызму ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, перашкоды палітычнай дзейнасьці, запалохваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку», — паведамляе Генэральная пракуратура.
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якою кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтуховіч — 74 дні, Казулін — 53, Лосік — 42. Найгучнейшыя і пасьпяховыя галадоўкі ў гісторыі БеларусіСпачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.
На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.