Суд над Алесем Пушкіным прызначылі на 10 сакавіка

Алесь Пушкін

Крымінальную справу супраць Пушкіна разгледзіць Менскі гарадзкі суд, судзьдзя — Алена Шылько.

Мастака Алеся Пушкіна пачнуць судзіць у Менску 10 сакавіка (пачатак аб 11-й гадзіне), паведамляюць праваабаронцы. Яго абвінавачваюць у «наўмысных дзеяньнях па рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў», піша «Эўрарадыё».

Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 году. Па вэрсіі Генпракуратуры, мастак «зьдзейсьніў дзеяньні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасьці беларускіх калябарацыянісцкіх арганізацый». Маецца на ўвазе зьмяшчэньне на выставе ў Горадні партрэта ўдзельніка пасьляваеннага беларускага антысавецкага руху Яўгена Жыхара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі па вас сумую». Зь лістоў і малюнкаў зьняволенага мастака Пушкіна зрабілі анімацыйны фільм. ВІДЭА

Таксама склад злачынства сілавікі ўбачылі і ў іншых творах і акцыях мастака. Напрыклад, у пэрформансе ў Кіеве ў сакавіку 2021-га. Алесь Пушкін пасьля яго вярнуўся ў Беларусь, ужо ведаючы пра пагрозу крымінальнай справы.

Праваабаронцы Беларусі прызналі Пушкіна палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім быў Яўген Жыхар, за партрэт якога завялі крымінальную справу. І што ня так са справай