Пратэсты пасьля выбараў 2020 году і цяперашнія антываенныя пратэсты — у чым падабенства, у чым адрозьненьні? Якое палітычнае значэньне будуць мець вынікі Канстытуцыйнага рэфэрэндуму? Ці пашле цяпер Лукашэнка беларускіх салдатаў на вайну?
Гэтыя тэмы на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык і Віталь Цыганкоў.
Дракахруст
- Прыкметна, што беларусы, як і ў 2020-м, ізноў пратэстуюць мірна. Беларускія пратэсты ў нечым падобныя на антываенныя пратэсты ў Расеі.
- Варта падкрэсьліць, што людзі ў Беларусі выйшлі супраць вайны ня ў першы яе дзень, не ў другі, ня ў трэці — а выйшлі менавіта ў дзень галасаваньня на рэфэрэндуме.
- Лічба ў 78,6 % яўкі на рэфэрэндуме — ня самая вялікая ў беларускай гісторыі. Напрыклад, на рэфэрэндуме 1996-га, таксама канстытуцыйным, лічба была 84%. І самы рэкорд у 2004-м — 90%. Праўда, рэкордна вялікая лічба датэрміновага галасаваньня — 43%.
- Варта заўважыць, што людзі, якія выйшлі пратэставаць супраць вайны, рэфэрэндум нават не прыгадвалі.
Цыганкоў
- Людзі, якія выйшлі ў дзень рэфэрэндуму з пратэстам супраць вайны, калі ад украінцаў чуюцца дакоры, што беларусы сьпяць, і многія беларусы лічаць гэта несправядлівым, нагадваюць, што ў свой час рабілі ўкраінцы, калі беларусы паўставалі супраць таталітарнай улады. І на фоне гэтага людзі, якія выйшлі на вуліцы з украінскімі сьцягамі і з пратэстамі супраць вайны, — яны ўратавалі гонар Беларусі.
- Масавых акцыяў у дзень рэфэрэндуму ніхто не чакаў, многія аналітыкі закрылі тэму масавых акцыяў. Выявілася, што ня ўсё так проста.
- Людзі падчас вайны ня хочуць быць яе ахвярамі, яны робяцца больш рашучымі. І гэта тое, што даволі істотна мяняе сытуацыю.
Навумчык
- Трэба прызнаць рэальнасьць (як мы не аспрэчваем, што жывем на плянэце Зямля, а не на Марсе ці на Юпітэры): рэжым, усталяваны ў Беларусі Лукашэнкам, — гэта фашысцкі рэжым. І важна, што 27 лютага людзі выйшлі пратэставаць супраць вайны, разумеючы, што за гэта іх могуць ня толькі пазбавіць свабоды, пасадзіць, але — і катаваць. І гэтыя катаваньні могуць забраць некалькі гадоў жыцьця.
- Падаецца, што пасьля выхаду беларусаў з пратэстамі супраць вайны ва Ўкраіне ўкраінцы ня могуць папракаць беларусаў. Што яшчэ могуць зрабіць людзі? Пайсьці і паліць расейскія танкі? Але няма чым гэта рабіць. Людзі, што выйшлі з пратэстам, сапраўды выратавалі гонар нацыі.
Цыганкоў
- Для нямірнага пратэсту сапраўды трэба іншыя абставіны. Сапраўды, што рабіць — нападаць на сілавікоў? Гэта ўжо элемэнт грамадзянскай вайны. І мы ня можам гарантаваць, што гэтага ня здарыцца. Калі самае галоўнае, што зараз абмяркоўваецца —ці пашле заўтра Лукашэнка беларускіх вайскоўцаў ваяваць ва Ўкраіну — сытуацыя можа радыкалізавацца абсалютна імгненна.
- Тыя людзі, якія могуць стаць патэнцыйнымі ахвярамі (прызыўнікі, вайскоўцы, іх сем’і), яны бачаць, што тут стаўка не 15 сутак, а проста пагроза жыцьцю.
- Ніхто ў Беларусі ня хоча ехаць забіваць украінцаў за расейскія інтарэсы.
- Парадаксальна, але ці сілавікі, якія сёньня «вяжуць» пратэстоўцаў, разумеюць, што гэтыя людзі выступаюць супраць таго, каб іх жа пагналі на гэтую вайну? Бо адна рэч, калі туды адправяць дэсантнікаў (гэта людзі паднявольныя), а іншая рэч, калі пашлюць АМАП ці падразьдзяленьні спэцыяльных апэрацыяў. Тут у людзей можа быць свой выбар, яны могуць напісаць заяву пра звальненьне.
Навумчык
- Нават калі б на ўчасткі рэальна прыйшло 100% насельніцтва і зь іх 51% прагаласаваў „за“ — Лукашэнку гэта б не задаволіла. Я прагназаваў, што канчатковую лічбу напішуць у раёне 80%, плюс-мінус, але больш, чым 75%.
- Лукашэнку трэба, каб за зьмену Канстытуцыі прагаласавалі дзьве траціны насельніцтва (у парлямэнце зьмены Канстытуцыі прымаюцца дзьвюма трацінамі галасоў).
- Самы галоўны палітычны вынік — Беларусь пазбаўляецца канстытуцыйнага палажэньня аб імкненьні да нэўтральнага статусу. Гэта цалкам разьвязвае рукі Пуціну (хаця ўсе мы разумеем, што для Пуціна і Лукашэнкі Канстытуцыя ня значыць нічога). У цэлым зьмены ў Канстытуцыі больш прывязваюць Беларусі да Расеі і, адпаведна, замацоўваюць статус Лукашэнкі як васала Крамля.
Цыганкоў
- У новым варыянце Канстытуцыі ёсьць палажэньне, што з тэрыторыі Беларусі ня можа быць учынена агрэсія супраць іншых краін. І мне цікава — як гэта будзе стасавацца з тым, калі Лукашэнка пашле ва Ўкраіну беларускіх вайскоўцаў? Лукашэнку давядзецца прыдумляць падставы (кшталту «недзе рэжуць беларусаў»), падаваць гэта як абарону, хоць ніхто яму не паверыць.
- Вельмі верагодна, што Лукашэнка пашле вайскоўцаў ва Ўкраіну. Варта слухаць «прагаворкі» Лукашэнкі. Ён часам выдае пляны Пуціна. Ён сказаў, што ва Ўкраіне «кветачкі», а неўзабаве будзе «мясарубка». Лукашэнка сказаў, што калі Расеі спатрэбіцца, дык войскі пашле. А Расеі, як выглядае, спатрэбіцца.
- Лукашэнка робіць самагубчыя, як для палітыка, дзеяньні. Пэўна, яму сказалі — калі ня ты зробіш, будзе іншы кіраўнік, які зробіць. І ён ужо падпарадкоўваецца Пуціну.
Навумчык
- Калі б Кіеў быў ужо захоплены, неабходнасьці ў беларускіх вайскоўцаў не было б — Лукашэнка і без таго прадаставіў Маскве тэрыторыю Беларусі, замазаўшы Беларусь. Але бліцкрыг Пуціна праваліўся, расейскія войскі цярпяць паразу, прасоўваюцца вельмі павольна. І таму патрэбная дапамога жывой сілай — «беларускімі вайскоўцамі».
- Дэсантнікам звычайна даручаюць самыя «крывавыя» апэрацыі, і калі туды паляцяць беларускія дэсантнікі, можна ўявіць, якую ім адвядуць ролю.
- Што да цяперашніх перамоваў. Можна зразумець лёгіку Зяленскага. Можна паслаць дэлегацыю хаця б з той мэтай, каб лепей выявіць пляны Пуціна. У гэтым ёсьць сэнс. Хаця ёсьць і свой мінус: перамовы пры пасярэдніцтве каго? Лукашэнкі! Але ў тое, што гэтыя перамовы спыняць вайну, я абсалютна ня веру.
- Пагроза паразы ў вайне азначае палітычную паразу, і каб перадухіліць гэта, Пуцін можа ўжыць ва Ўкраіне ядзерную зброю. Ня тую, якая зьнішчае гарады-мільёньнікі, а тактычную, якая можа зьнішчыць адным ударам буйныя аб’екты інфраструктуры, нейкія стратэгічна важныя аб’екты ці кампактныя групоўкі войскаў. Але гэта ўсё роўна ядзерная зброя. І гэта азначае, што мы апынемся ў зусім іншым сьвеце.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.