Загад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна прывесьці ядзерныя сілы ў стан павышанай баявой гатоўнасьці на фоне яго ўварваньня ва Ўкраіну зьяўляецца эскаляцыяй, якая можа зрабіць сытуацыю «значна больш небясьпечнай», заявіў у нядзелю высокапастаўлены прадстаўнік абароннага ведамства ЗША.
Пуцін аддаў загад у той момант, калі, паводле ацэнак Вашынгтона, расейскія войскі церпяць нечаканыя няўдачы на полі бою пасьля чатырохдзённага ўварваньня. Як заявілі амэрыканскія афіцыйныя асобы, гэтаму садзейнічалі магутнае супраціўленьне Ўкраіны і збоі ў плянаваньні, якія прывялі да таго, што некаторыя падразьдзяленьні засталіся без паліва і іншых прадметаў забесьпячэньня.
Пэнтагон даведаўся аб загадзе Пуціна з тэлевізійнага звароту расійскага прэзыдэнта, а не ад крыніц амэрыканскай разьведкі, паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагона.
Адразу пасьля выступу Пуціна міністар абароны ЗША Лойд Осьцін, старшыня Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў генэрал Марк Мілі і камандуючы ўзброенымі сіламі ЗША ў Эўропе Тод Уолтэрс правялі загадзя заплянаваную сустрэчу, на якой абмяркоўвалі рашэньне расейскага прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FIFA і FIDE забаранілі праводзіць матчы і спаборніцтвы ў РасеіХаця Вашынгтон усё яшчэ зьбірае інфармацыю, рашэньне Пуціна выклікае турботу, сказаў высокапастаўлены супрацоўнік Пэнтагона, выступаючы на ўмовах ананімнасьці.
«Па сутнасьці, яно ўводзіць у гульню сілы, якія, у выпадку праліку, могуць зрабіць сытуацыю больш небясьпечнай», – сказаў ён.
Адказваючы на пытаньне, ці працягнуць ЗША аказваць ваенную дапамогу Украіне пасьля абʼяўленьня Пуціна, супрацоўнік сказаў: «Гэтая падтрымка будзе працягвацца».
Па ацэнках ЗША, Расея выпусьціла больш за 350 ракет па мэтам ва Ўкраіне, некаторыя зь якіх патрапілі ў абʼекты грамадзянскай інфраструктуры. Аднак супрацоўнік Пэнтагона выказаў глыбокую заклапочанасьць у сувязі з тым, што, на думку ваеннага ведамства, указвае на зьмену стратэгіі расійскімі сіламі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ можа прыняць рашэньне аб адключэньні беларускіх банкаў ад SWIFT заўтра