«Яны паехалі такім чынам, каб не было пагрозы іхнаму жыцьцю. Перамовы пачнуцца ў найбліжэйшыя гадзіны», — сказаў Фёдар Веніслаўскі ў эфіры телеканалу «Рада».
Дэпутат, спасылаючыся на неабходнасьць гарантаваць бясьпеку дэлегацыі, адмовіўся ўдакладніць яе склад.
«Першыя вынікі гэтых перамоваў зьявяцца цягам вельмі кароткага часу пасьля іх пачатку. Цягам 3-4 гадзін будзем мець інфармацыю пра тое, якія стартавыя пазыцыі былі і якіх удалося дасягнуць дамоўленасьцяў».
«Хачу падкрэсьліць яшчэ раз, каб не было дыскусіяў: ніякіх кампрамісаў з боку Ўкраіны наконт тэрытарыяльнай цэласьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту ня будзе. Ніякіх ультыматумаў не выказвалася, і менавіта таму прэзыдэнт Украіны пагадзіўся накіраваць украінскую дэлегацыю на гэтыя перамовы», — заявіў Фёдар Веніслаўскі.
Фёдар Веніслаўскі таксама паведаміў, што на гэты момант Беларусь выконвае ўзятыя на сябе абавязкі ў стрыманьні руху вайсковай тэхнікі і сілы. Апроч таго, украінскі дэпутат паведаміў, што на перамовах будзе прысутнічаць і беларускі бок.
«Прадстаўнікі Рэспублікі Беларусі таксама будуць удзельнічаць, але я мяркую, што не як пасярэднікі ці назіральнікі, а як прадстаўнікі акупацыйнай улады Расейскай Фэдэрацыі. Зыходзячы зь дзейных міжнародных дакумэнтаў, Рэспубліка Беларусь дэ-факта ёсьць бокам ваеннага канфлікту з Украінай, бо яна дазволіла выкарыстаць сваю тэрыторыю для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне», — заявіў Фёдар Веніслаўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: «Мы будзем абвяшчаць забастоўку, каб не дапусьціць удзелу Беларусі ў вайне»