Спартоўцы Нямеччыны заклікалі сьвет выключыць Расею і Беларусь зь міжнароднага спорту

Спартоўцы нацынальнай алімпійскай зборнай Беларусі, 7 лютага 2022 году

Пуцінская сыстэма гадамі выкарыстоўвае спорт у палітычных мэтах, заявілі ў аб’яднаньні Athleten Deutschland, прапанаваўшы ўвесьці татальныя спартовыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі.

Пра гэта інфармуе DW.

Да поўнага выключэньня Расеі і Беларусі зь міжнароднай спартовай сыстэмы заклікала нямецкае аб’яднаньне Athleten Deutschland, куды ўваходзяць больш за 1000 спартоўцаў Нямеччыны. Заява пра гэта зьявілася на сайце спартовай арганізацыі 26 лютага.

Як падкрэсьліваецца ў тэксьце, «пуцінская сыстэма цягам многіх гадоў сьвядома выкарыстоўвае спорт у сваіх мэтах», а «спартовы посьпех разглядаецца як прыкмета нацыянальнай сілы і перавагі», пры гэтым міжнародныя фэдэрацыі і спартовыя клюбы залежаць ад грошай расейскіх алігархаў і спонсараў, прадстаўнікі РФ займаюць уплывовыя пасты, а многія спаборніцтвы рэгулярна праводзяцца ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы. Хроніка вайны 27 лютага

У сувязі зь неаднаразовым парушэньнем Расеяй алімпійскага перамір’я ў 2008, 2014 і 2022 гадах нямецкае аб’яднаньне прапануе ўсім міжнародным і нацыянальным спартовым фэдэрацыям выступіць з адзінай пазыцыяй, дакладна сфармуляваўшы і асудзіўшы агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны і ўдзел у ёй Беларусі.

Спартовая ізаляцыя Расеі і Беларусі

Сярод прапанаваных штрафных захадаў — «поўнае выключэньне расейскіх і беларускіх фэдэрацыяў зь міжнароднай спартовай сыстэмы, уключаючы расейскі і беларускі нацыянальныя алімпійскія і паралімпійскія камітэты», аднабаковае спыненьне ўсіх фінансавых дачыненьняў з расейскімі донарамі, выключэньне ўсіх беларускіх і расейскіх чыноўнікаў зь міжнароднай спартовай сыстэмы і ўнясеньне іх у адпаведныя санкцыйныя сьпісы, адхіленьне ўсіх спартоўцаў з РФ і РБ ад усіх спаборніцтваў, скасаваньне ўсіх спаборніцтваў ці трэнаваньняў, заплянаваных на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Ужо на наступны дзень пасьля гэтай заявы стала вядома, што Міжнародная фэдэрацыя дзюдо (IJF) прыпыніла паўнамоцтвы Ўладзіміра Пуціна ў якасьці ганаровага прэзыдэнта і амбасадара арганізацыі. Раней Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту (FIS), Міжнародны саюз біятляністаў (IBU) і Міжнародная фэдэрацыя гімнастыкі (FIG) з прычыны ваеннага ўварваньня РФ ва Ўкраіну забаранілі на сваіх спаборніцтвах сьцяг і гімн РФ.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.