Сьцісла:
- Фармулёўкі былі вельмі жорсткія і недыпляматычныя, Беларусь называлася васалам Расеі.
- Гэта была апошняя спроба папярэдзіць Лукашэнку, але без асаблівай надзеі, што з гэтага нешта атрымаецца.
- На Захадзе ўжо страцілі ўяўленьне, што яшчэ можна нешта зрабіць на беларускім кірунку.
- Калі беларускія войскі пяройдуць мяжу і пачнуць непасрэдна ўдзельнічаць у вайне, то ўсе санкцыі, якія ўводзяць супраць Расеі, увядуць і супраць Беларусі.
- Для Ўкраіны пагадзіцца на перамовы на тэрыторыі Беларусі — гэта фактычна знак капітуляцыі.
— Беларуская і француская афіцыйная інфармацыя пра зьмест тэлефоннай размовы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона і Аляксандра Лукашэнкі значна адрозьніваюцца. Але, аналізуючы палітычныя працэсы і інтарэсы бакоў, можам уявіць, пра што магла ісьці гэтая размова. У мяне ўражаньне, што прэзыдэнт Францыі папярэджваў Лукашэнку пра наступствы, якія могуць яго чакаць у выпадку далучэньня Беларусі да вайны з Украінай на расейскім баку ня толькі ў якасьці базы і тэрыторыі, але і беспасярэднім удзелам беларускага войска.
— У мяне таксама склалася такое адчуваньне. Я ўчора вельмі ўважліва сачыў за паведамленьнямі пра гэтую размову. Тэлеграм-канал «Пул Первого» адразу паведаміў пра тэлефонную гутарку Макрона і Лукашэнкі, яшчэ ў момант, калі яна працягвалася. Але ў Францыі ніякай інфармацыі не было.
І калі французы, ужо пасьля беларускага боку, апублікавалі сваю вэрсію размовы, то ад пачатку падкрэсьлівалі два моманты. Першае — што Беларусь знаходзіцца на расейскім баку, паплечнік Пуціна. І другое, што расейскія войскі выкарыстоўваюцца супраць Украіны. А потым зьявілася пашыранае афіцыйнае паведамленьне з Элізэйскага палацу, дзе ўсё было яшчэ больш відавочна. Размова ішла пра недапушчальнасьць зьяўленьня ў Беларусі ядзернай зброі, пра тое, што Беларусь выкарыстоўваецца як пляцдарм для агрэсіі супраць Украіны. І фармулёўкі былі вельмі жорсткія і недыпляматычныя, Беларусь называлася васалам Расеі. Выглядала так, што Лукашэнку папярэдзілі, што Беларусь ужо замазалася, падтрымаўшы Расею, і наступствы будуць. Але існуе магчымасьць замазацца яшчэ больш, з адпаведна яшчэ большымі наступствамі для рэжыму Лукашэнкі.
— Як лічыце вы, што гэта было — агульная пазыцыя Захаду, перадаць якую дэлегавалі Макрону, ці асабістая ініцыятыва францускага прэзыдэнта, які дзейнічае часам надта актыўна, што нярэдка выклікае крытыку і нават іронію?
— Мне падаецца, што кожная эўрапейская краіна бярэ зараз на сябе пэўную ролю, каб не паўтарацца і не марнаваць час. Думаю, гэта была індывідуальная ініцыятыва Макрона. Учора былі афіцыйныя заявы Парыжу, што Францыя падтрымлівае незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласьць Грузіі і Малдовы.
І трэба ўлічваць, што гэтая размова Макрона з Лукашэнкам не атрымала ў сусьветных мэдыя ніякай вялікай увагі. Выглядае, што гэта была апошняя спроба яго папярэдзіць, але без асаблівай надзеі, што нешта ўдасца.
— Апошнімі гадамі палітыка Захаду стасоўна Лукашэнкі мела на мэце спрыяць таму, каб Беларусь заставалася асобнай незалежнай краінай нават пры Лукашэнку, каб яна цалкам не ўваходзіла ў вайсковую арбіту Расеі. Захад імкнуўся аддзяляць Менск ад Масквы. Ці можна сказаць, што з пачаткам вайны і з улікам таго, што Лукашэнка прадаставіў беларускую тэрыторыю для агрэсіі — гэта ўжо не актуальна?
— Бадай, апошняй кропляй стала рашэньне Лукашэнкі пра тое, што расейскія войскі застануцца пасьля вучэньняў у Беларусі. Сёньня ўжо цалкам зразумела, што Лукашэнка пра пляны Масквы наконт вайны ва Ўкраіне ведаў загадзя. Стала зразумела, што ніякай прасторы для манэўру Лукашэнка ня мае.
Сёньня роля Беларусі ўспрымаецца як саўдзел у вайне, пасобніцтва агрэсару, гэта адзіная краіна, якая на гэты момант цалкам падтрымлівае Расею. Таму, мне падаецца, на Захадзе ўжо страцілі ўяўленьне, што яшчэ можна нешта зрабіць на беларускім кірунку.
А можа ўсё стане зразумела і раней, калі заўтра, 28 лютага, як сьцьвярджаюць некаторыя крыніцы, беларускія войскі пяройдуць мяжу і пачнуць адкрыта ўдзельнічаць у вайне. І пытаньне пра нейкую суб’ектнасьць Лукашэнкі і незалежнасьць Беларусі будзе канчаткова закрытае.
— Што гэта будзе азначаць у практычным сэнсе? Якім будзе адказ Захаду, якія наступствы чакаюць Беларусь як дзяржаву і яе грамадзянаў? Беларусь будуць чакаць тыя самыя «пякельныя» санкцыі, якія зараз абрынаюцца на Расею? То яны паўтара года абмяркоўвалі, ці трэба Беларусь адключаць ад SWIFT, а тут за некалькі дзён могуць прыняць такое рашэньне.
— Пакуль у аргумэнтацыі Эўразьвязу ёсьць адрозьненьні. Ёсьць агрэсар, якія вядзе вайну, — гэта Расея. І ёсьць Беларусь, якая саўдзельнічае. Нават калі ўсё застаецца як сёньня і Лукашэнка абмяжуецца «пасіўным» удзелам — то санкцыі ўсё роўна будуць. Калі ж беларускія войскі пяройдуць мяжу і пачнуць непасрэдна ўдзельнічаць у вайне, то ўсе тыя санкцыі, якія ўводзяць супраць Расеі, увядуць і супраць Беларусі. Я думаю, гэта той мэсыдж, які Макрон і спрабаваў данесьці Лукашэнку.
— Падчас размовы з Макронам Лукашэнка, відавочна, прапаноўваў, каб Менск ці іншы беларускі горад стаў пляцоўкай для мірных перамоваў паміж Украінай і Расеяй. Але Беларусь не нэўтральны назіральнік у гэтым канфлікце, зь яе тэрыторыі чыніцца агрэсія. Ці ёсьць хоць нейкая імавернасьць, што Кіеў можа пагадзіцца, каб перамовы прайшлі на тэрыторыі Беларусі?
— Трэба зразумець, чаму Масква так упарта прасоўвае менавіта беларускі варыянт. Лукашэнка тут не адыгрывае ніякай ролі. Кіеў жа прапаноўвае Азэрбайджан, краіну, у якой роўныя адносіны і з Кіевам, і з Масквой, і якая ў канфлікт не ўцягнутая. Але Масква ўпарта адмаўляецца — нягледзячы на тое, што Азэрбайджан ёсьць істотным партнэрам Расеі.
Масква настойвае на Беларусі — краіне, у якой знаходзяцца расейскія войскі і якая ўдзельнічае ў вайне на расейскім баку. Крэмль разглядае Беларусь фактычна як частку Расеі, і перамовы на яе тэрыторыі Масква разглядае як перамовы на сваёй тэрыторыі.
Для Ўкраіны ў такіх умовах пагадзіцца на перамовы на тэрыторыі Беларусі — гэта фактычна знак капітуляцыі.