«Вы маеце поўнае права не выконваць загады так званага галоўнакамандуючага, грамадзяніна Лукашэнкі. Ён не зьяўляецца прэзыдэнтам. Ён будзе аддаваць злачынныя загады, якія вы таксама ня маеце права выконваць. І ў вас ёсьць поўныя паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусі адмовіцца ад іх выкананьня», — сказаў Латушка.
Ён падкрэсьліў, што вайскоўцы маюць два варыянты дзеяньняў.
- «Ідзіце і атрымлівайце зброю, пераходзьце на бок Узброеных сілаў Украіны, абараняйце тэрытарыяльную цэласьць і сувэрэнітэт Украіны. Абараняйце Беларусь ад дыктатуры».
- «Не прымайце позву, зьмяніце месца жыхарства, не адказвайце на незнаёмыя тэлефоны».
Штаб апазыцыйных сілаў тым часам заклікае беларусаў зьбірацца а 17:00 каля будынку Генэральнага штабу ў Менску, у іншых гарадах — на цэнтральных плошчах і каля гарадзкіх адміністрацыяў.
«Беларусы паказалі, што гатовыя адкрыта выказваць пратэст супраць вайны. Наступны крок — агульны збор у 17:00 каля будынку Генэральнага штабу. Толькі афіцэры зараз могуць прыняць гэтае рашэньне, толькі камандаваньне можа спыніць нашыя войскі», — паведамляецца ў тэлеграм-канале Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы. Хроніка вайны 27 лютага