Званок Макрона Лукашэнку: прычыны і наступствы

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон

Сьвет разглядае Беларусь як саўдзельніцу расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Тэлефанаваньне прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона Аляксандру Лукашэнку стала пэўнай нечаканасьцю. Бо ў міжнароднай супольнасьці (ня толькі ў краінах Захаду) склалася ўтойлівае ўяўленьне, што Лукашэнка – гэта расейская марыянетка, васал Масквы, што ён несамастойны. Таму няма неабходнасьці зь ім аб чымсьці размаўляць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі: Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны

Сьвет разглядае Беларусь як саўдзельніцу расейскай агрэсіі супраць Украіны. У заявах замежных палітыкаў РФ і Беларусь узгадваюцца праз коску, іх ставяць у адзін шэраг. І санкцыі супраць афіцыйнага Менску ўводзяцца таксама усьлед за санкцыямі супраць Масквы.

І тут раптам гэтае тэлефанаваньне. Яго ў значнай ступені можна патлумачыць асобай Эмануэля Макрона. Прэзыдэнт Францыі спрабуе ўзяць на сябе ролю галоўнай фігуры эўрапейскай палітыкі. Ён імкнецца гаварыць ад імя Эўропы.

Маштаб палітыкаў вызначаецца ў час вострага міжнароднага крызысу. Той зь іх, хто зможа ўнесьці вырашальны ўнёсак у яго вырашэньне, набывае статус гістарычнай фігуры. Менавіта на гэтую ролю цяпер прэтэндуе Макрон. Ён – фактычна адзіны, хто працягвае весьці перамовы і з Масквою, і зь Кіевам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка патлумачыў, што сказаў Макрону пра магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі

Лёгіка звароту прэзыдэнта Францыі да Лукашэнкі грунтуецца на тым, што падчас крызысу трэба размаўляць з усімі, інгнаруючы нейкія фармальныя рэчы. Маўляў, калі можна весьці перамовы з Пуціным, то чаму нельга з Лукашэнкам.

Менавіта на такой лёгіцы грунтавалася тэлефанаваньне Ангелы Меркель Аляксандру Лукашэнку ў 2021 годзе, у момант кульмінацыі міграцыйнага крызысу.

Тым больш, што цяпер абмяркоўваецца магчымасьць перамоваў паміж Масквою і Кіевам. А Макрон прэтэндуе на ролю пасярэдніка ў такіх перамовах. Як вядома, Расея настойвае на тым, каб гэтыя перамовы адбыліся ў Беларусі. Спачатку гаворка ішла пра Менск. Цяпер расейскія крыніцы паведамляюць, што нібыта афіцыйная дэлегацыя РФ прыбыла ў Гомель. Зразумела, згода на гэта патрэбна ад кіраўніцтва Беларусі.

Тэлефанаваньне Макрона (як і ў свой час тэлефанаваньне Меркель), а таксама магчымыя перамовы ў Беларусі падвышаюць статус Лукашэнкі ў ягоных уласных вачах. Для яго гэта псыхалягічна вельмі важна. Маўляў, са мной размаўляюць,-- значыць, прызнаюць дэ факта кіраўніком Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарчых участках у Беларусі людзі пратэстуюць супраць вайны. Звыш 50 затрыманых. Ціханоўская заклікала пікетаваць Генштаб

І тут зьяўляецца спакуса вывесьці ўнівэрсальную формулу, з дапамогай якой можна прарваць міжнародную ізаляцыю. Для гэтага трэба штучна стварыць крызыс, які вельмі непрыемны для Захаду. Тады заходнія палітыкі будзе вымушаны калі не фармальна, то фактычна прызнаць Лукашэнку і зь ім размаўляць.

Таму такія кантакты заходніх палітыкаў без канкрэтных прапановаў ці выстаўленьне ўмоваў зьяўляюцца рызыкоўнай гульнёй, сам Лукашэнка разглядае іх як палітычны падарунак.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.