Пры гэтым Лукашэнка ня ведае, колькі менавіта ракет запусьцілі па тэрыторыі суседняй Украіны, а пра танкі і іншую баявую тэхніку расейцаў, якая свабодна перасоўваецца па беларускіх дарогах, ён нічога не гаварыў.
«Сапраўды, з тэрыторыі чарнобыльскіх прыкладна раёнаў, дзе былі на вучэньнях расейскія войскі, былі запушчаныя дзьве ці тры ракеты», — сказаў Лукашэнка, выступаючы на выбарчым участку пасьля галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі. Паводле Лукашэнкі, гэта было зроблена, бо «на ўкраінскім баку за некалькі кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю былі разгорнуты ракетныя дывізіёны».
Таксама Лукашэнка заявіў, што ва Ўкраіне няма ні беларускіх салдатаў, ні ўзбраеньня, ні боепрыпасаў. Прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ён назваў «неадэкватным».
«Зусім нядаўна „малы напалеончык“ (прабачце, што я так пра яго кажу) зьвярнуўся да беларускага народу наконт рэфэрэндуму. Як быццам ва Ўкраіне больш няма чым займацца, як з бункера вяшчаць беларускаму народу і раіць, што ім зрабіць. Да каго ён зьвяртаецца? Мы ж па-чалавечы заўсёды ставіліся да ўкраінцаў», — заявіў Лукашэнка і дадаў, што Зяленскаму варта найперш зьвяртацца да ўкраінскага народу і «адказваць за тое, што адбываецца сёньня ва Ўкраіне».
Пры гэтым ён заявіў, што ва Ўкраіне адлоўліваюць і б'юць расейцаў і беларусаў.
«Украіна як быццам падштурхоўвае Беларусь да спэцапэрацыі для абароны сваіх грамадзян», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў: «З вашай тэрыторыі забіваюць нашых дзяцей». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьбіраўся ў Кіеў на трактары. Цяпер камбінуе, як бы пад гэты «трактар» ня трапіць