Памежная служба Ўкраіны: Ёсьць надзея, што ўсе ўкраінскія абаронцы вострава Зьмяіны могуць быць жывыя

Украінскія вайскоўцы купаюцца каля берагу вострава Зьмяіны. Архіўнае фота

Пра гэта паведаміла Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны (ДПСУ) у Фэйсбуку, спасылаючыся на расейскія крыніцы.

«Папярэдняя інфармацыя аб тым, што сярод памежнікаў могуць быць загінулыя, паступіла яшчэ да таго, як прапала сувязь з абаронцамі (вострава. — РС), — паведамляе ДПСУ. — Мы разумеем, што прапагандысты „русского мира“ здольныя рабіць патрэбныя інфармацыйныя ўкіды і выкарыстоўваць іх, зазначаючы, што ўкраінскія абаронцы здаліся».

Расейскія крыніцы паведамілі 26 лютага, што ў Севастопаль даставілі 82 украінскіх памежнікаў з вострава Зьмяіны. Сьцьвярджаецца пры тым, што іх нібыта зьбіраюцца адправіць дадому. Міністэрства абароны Расеі апублікавала зь імі відэа.

ТАСС адзначае, што ніхто з тых палонных памежнікаў, якія прыбылі ў Севастопаль, ня мае патрэбы ў мэдычнай дапамозе, яны забясьпечаныя пайкамі і вадой.

Раней паведамлялі, што 13 украінскіх памежнікаў загінулі, абараняючы востраў Зьмяіны ад расейскіх войскаў. Паводле паведамленьняў, перад сьмерцю яны адмовіліся здацца расейцам у палон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі перамовы расейскіх вайскоўцаў з украінскімі памежнікамі, якія адмовіліся здавацца. АЎДЫЁ