Латвія і Эстонія закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў

Эстонія закрывае паветраную прастору для расейскіх самалётаў, паведаміў міністар эканомікі Тааві Аас. Раней тое самае зрабілі Чэхія, Польшча і Баўгарыя. 

«Эстонія далучаецца да ініцыятывы Польшчы і забараняе ўсім расейскім авіякампаніям выкарыстоўваць нашу паветраную прастору», — цытуе міністра ERR.

Усьлед за Эстоніяй паветраную прастору для расейскіх авіякампаніяў закрывае і Латвія, заявіў міністар юстыцыі Яніс Борданс.


«Брутальная атака рэжыму Пуціна на ўкраінскую дэмакратыю і свабоду недаравальная. Захад павінен ізаляваць Расею як эканамічна, гэтак і палітычна. Эстонія забараняе ўваход у сваю паветраную прастору расейскім авіякампаніям. Польшча і Чэхія гэта ўжо зрабілі, і мы заклікаем усе краіны ЭЗ зрабіць тое самае», — напісала прэм’ер-міністар Эстоніі Кая Калас у Facebook.

Пасьля гэтых паведамленьняў латвійская авіякампанія AirBaltic абвясьціла пра скасаваньне ўсіх рэйсаў у Расею да 26 сакавіка. Польскі перавозьнік LOT таксама абвясьціў аб адмене рэйсаў у Маскву і Санкт-Пецярбург.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зборная Польшчы адмовілася сустракацца з камандай Расеі ў кваліфікацыі чэмпіянату сьвету – 2022

У чацьвер прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў аб увядзеньні санкцыяў супраць кампаніяў «Аэрофлот», «Ростех» і расейскіх банкаў, у тым ліку ВТБ, пасьля чаго «Росавиация» забараніла брытанскім самалётам палёты ў Расею.

У пятніцу ў Чэхіі прайшло пасяджэньне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі на фоне працяглай ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне. Пасьля яго заканчэньня прэмʼер-міністар Пэтар Фіяла заявіў, што ўрад вырашыў прыпыніць выдачу ня толькі візаў, але і відаў на жыхарства ў Чэхіі для грамадзян Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адключэньне Расеі ад SWIFT – пытаньне некалькіх дзён». Што гэта і чым пагражае
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ўзгадніў новы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, у тым ліку забарону на экспарт нафты