Вайсковы экспэрт: «Дакладных стратаў з абодвух бакоў мы не даведаемся»

Байцы ўкраінскай Нацыянальнай гвардыі ў Кіеве

Кіеў рэгулярна абвяшчае колькасьць загінулых у выніку ўварваньня расейскіх войскаў — як украінцаў, так і расейцаў, Масква пра свае страты маўчыць. Вайсковы экспэрт раіць асьцярожна ставіцца да афіцыйнай інфармацыі з абодвух бакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: 198 цывільных сталі ахвярамі першых двух дзён расейскай вайны супраць Украіны; трое дзяцей нарадзілася ў бомбасховішчах

Доўгі час у ваеннай навуцы была прынятая формула, паводле якой страты ў жывой сіле боку, які атакуе, і тых, хто абараняецца, вылічваліся як 3:1 адпаведна.

Зьяўленьне авіяцыі, ракетнай тэхнікі, высокадакладнай зброі, бесьпілётнікаў унесьлі свае карэктывы і, на думку вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, нейкай унівэрсальнай формулы для вылічэньня стратаў абодвух бакоў цяпер не існуе.

«Усё залежыць ад таго, як вядзецца наступ, — кажа Алесін. — Калі наступ ідзе на загадзя падрыхтаваную абарону, па нязручнай мясцовасьці, тады страты сапраўды могуць быць значныя, ня толькі 3:1, але нават і болей. Але ж справа ў тым, што ёсьць яшчэ адмысловыя дэсантныя апэрацыі спэцназу, калі высадка робіцца на тылы войскаў. І яны там як ліса ў куратніку. Там суадносіны стратаў могуць быць адваротныя. Непадрыхтаваных людзей натрэніраваныя забіваць байцы сапраўды могуць парэзаць, як ліса курэй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракета пацэліла ў шматпавярховы жылы дом у Кіеве. ФОТА і ВІДЭА

Што да баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, Аляксандар Алесін лічыць слушным разглядаць іх у некалькіх плашчынях.

Аляксандар Алесін

«Адна справа — Луганская і Данецкая вобласьці, дзе наступ адбываецца на абарону, якая рыхтавалася восем гадоў. Там прасоўваньне войскаў ідзе марудна, па сотнях мэтраў ці па кілямэтрах. Там страты сапраўды могуць быць блізкія да тэарэтычных. Што тычыцца сілаў спэцыяльных апэрацый расейскіх Вайскова-паветраных сілаў у раёнах, дзе няма моцнай абароны, плюс падтрымка авіяцыі (якая адсутнічае ва Ўкраіне), плюс падтрымка высокадакладнай ракетнай зброяй, плюс падтрымка рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню, — там сытуацыя можа быць іншая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: 198 цывільных сталі ахвярамі першых двух дзён расейскай вайны супраць Украіны; трое дзяцей нарадзілася ў бомбасховішчах


Вайсковы экспэрт раіць асьцярожна ставіцца да афіцыйнай інфармацыі з абодвух бакоў.

«Думаю, дакладных стратаў мы з вамі не даведаемся, — мяркуе Аляксандар Алесін. — Інфармацыя ўвогуле вельмі супярэчлівая. Гэтак прынята ў вайсковай справе — утойваць свае страты і перабольшваць страты праціўніка. Я мяркую, што пакуль страты расейскага боку не такія крытычныя, каб ён спыніў сваю апэрацыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея трэці дзень атакуе Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка робіць выгляд, што нічога не адбываецца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае войска адстаяла горад Васількоў пад Кіевам, дзе расейскі дэсант хацеў захапіць аэрадром
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі вялікую групоўку войскаў на поўдні Беларусі. ФОТА