ЗША назвалі ідэю Масквы аб перамовах з Украінай у Менску «дыпляматыяй пад руляй пісталета»

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс

Перамовы прапанавалі праводзіць у Беларусі, якая дазволіла расейскім войскам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Ўкраіну.

Злучаныя Штаты ў пятніцу ахарактарызавалі прапанову Расеі аб перамовах з Украінай як «несурʼёзную» і заклікалі Маскву прадэманстраваць сваю прыхільнасьць дыпляматыі, вывеўшы войскі з тэрыторыі суседняй дзяржавы. Пра гэта піша «Голас Амэрыкі».

Пасьля ўварваньня ва Ўкраіну «цяпер мы назіраем, як Масква прапануе заняцца дыпляматыяй пад руляй пісталета. Гэта не сапраўдная дыпляматыя», заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс.

Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў у пятніцу, што Расея гатовая накіраваць дэлегацыю ў Менск для перамоваў з украінскім кіраўніцтвам.

Вашынгтон ня бачыць ніякіх прыкмет таго, што Ўладзімір Пуцін гатовы пайсьці на дээскаляцыю ва Ўкраіне, заявіў Прайс, выступаючы на прэс-брыфінгу ў Дзярждэпартамэнце.

Хоць Украіна пакуль не адказала афіцыйна на прапанову Крамля, ЗША таксама адзначылі, што перамовы прапанавалі праводзіць у Беларусі, якая дазволіла расейскім войскам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Ўкраіну.

Прайс сказаў, што да ўварваньня Масква займалася толькі «прытворнай дыпляматыяй».

«Мы і нашыя саюзьнікі з самага першага дня заклікалі да рэальнага дыпляматычнага рашэньня. Калі прэзыдэнт Пуцін сурʼёзна ставіцца да дыпляматыі, ён ведае, што ён можа зрабіць, — заявіў Прайс. — Мы хочам даць зразумець прэзыдэнту Пуціну, што дыпляматыя пад руляй пісталета, дыпляматыя прымусу — гэта ня тое, у чым мы будзем прымаць удзел, і ня тое, што пакладзе канец гэтаму канфлікту раз і назаўжды».

Адказваючы на пытаньні, Прайс сказаў, што «разглядаюцца ўсе варыянты» ціску на Расею, дадаўшы, што Вашынгтон уважліва вывучае дадатковыя опцыі, якія могуць аказаць адпаведны ціск на Расею, Пуціна і яго асяродак.

ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу фізычных асоб, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. У сьпісе 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў, уключна з Аляксандрам Вальфовічам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны: Кіеў і Масква дамаўляюцца пра перамовы

Сяргей Нікіфараў, прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, паведаміў у Фэйсбуку, што ўкраінскі і расейскі бакі праводзяць кансультацыі наконт месца і часу перамоўнага працэсу.

«Я павінен абвергнуць сьцьвярджэньні, што мы адмовіліся ад перамоваў. Украіна была і застаецца гатовай гаварыць аб спыненьні агню і міры. Гэта наша нязьменная пазыцыя. Мы пагадзіліся на прапанову прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. У гэтыя гадзіны бакі кансультуюцца аб месцы і часе перамоўнага працэсу. Чым раней пачнуцца перамовы, тым больш шанцаў на аднаўленьне нармальнага жыцьця», — напісаў Нікіфараў.

Як паведаміла агенцтва «Уніан», прэзыдэнт Зяленскі зьвярнуўся да прэм'ер-міністра Ізраілю з просьбай стаць пасярэднікам у перамовах з РФ.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.