Канада ўводзіць санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова за ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну. Аб гэтым на брыфінгу сказаў прэм'ер-міністар Канады Джастын Трудо.
Паводле яго, Лаўроў таксама нясе адказнасьць за сьмерці і разбурэньні ва Ўкраіне.
Канада падтрымлівае рашэньне аб адключэньні Расеі ад сыстэмы міжбанскаўскіх плацяжоў SWIFT. Гэта, як сказаў Трудо, можа ўскладніць Пуціну «фінансаваньне яго жорсткасьці».
«Вайна прэзыдэнта Пуціна супраць Украіны – гэта вайна супраць свабоды, дэмакратыі, і правоў украінцаў і ўсіх людзей, якія вызначылі сваю будучыню», – адзначыў ён.
Прэмʼер Канады дадаў, што санкцыі будуць уведзены супраць Беларусі і яе кіраўніцтва за падтрымку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Садзейнічалі расейскай агрэсіі». Пад санкцыі Эўразьвязу трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаўАб новых санкцыях міністарка фінансаў Канады Хрысьця Фрыланд напісала ў Facebook.
- «Сёньня мы прымаем дадатковыя захады. Мы накладаем санкцыі на прэзыдэнта Пуціна за ягоны варварскі напад на Ўкраіну.
- Мы патрабуем неадкладнага выключэньня Расеі зь міжнароднай банкаўскай сыстэмы SWIFT.
- Мы ўводзім санкцыі супраць беларускіх лідэраў, якія маюць дачыненьне да ўварваньня ў Расею.
- Мы будзем узгадняць ахвяраваньні з Чырвоным Крыжам, каб падтрымаць украінскі народ.
- Мы падтрымліваем нашых саюзьнікаў і адважных людзей Украіны ў іх барацьбе за сваю дэмакратыю — і за нашу.
- Слава Ўкраіне!»
Учора Рада Эўразьвязу ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расейскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным сьпісе» разам з кіраўніцтвам Расеі і дэпутатамі Дзярждумы 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
Санкцыі прадугледжваюць забарону ўезду на тэрыторыю Эўразьвязу ці транзыту, а таксама замарозку «ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, якія належаць, знаходзяцца ва ўласнасьці або кантралююцца гэтымі асобамі».
У цяперашнім санкцыйным сьпісе, апроч прозьвішчаў Уладзіміра Пуціна, міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, чальцоў Савета нацыянальнай бясьпекі Расеі і дэпутатаў Дзярждумы таксама і 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія «садзейнічалі расейскай ваеннай агрэсіі зь Беларусі».
- Уладзіслаў Бруеў, начальнік Гомельскай памежнай групы;
- Алег Эйбатаў, начальнік Мазырскага памежнага атраду;
- Дзьмітры Віньнікаў, начальнік Пінскага памежнага атраду;
- Аляксандар Пашкевіч, начальнік штаба вайсковай часткі 65408 (Лунінец);
- Аляксандр Лазіцкі, камандзір часткі в/ч 65408;
- Андрэй Лук’яновіч, намесьнік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных сіл;
- Аляксандр Крывец, камандзір 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы (Ліда);
- Юры Пыжык, камандзір 61-й зьнішчальнай авіяцыйнай базы (Баранавічы);
- Уладзімер Купрыянюк, начальнік штаба — першы намесьнік камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня;
- Андрэй Некрашэвіч, начальнік галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл;
- Віктар Гулевіч, начальнік Генэральнага штаба УС;
- Аляксандар Вальфовіч, дзяржсакратар Савета бясьпекі;
- Андрэй Жук, намесьнік міністра абароны;
- Сяргей Сіманенка, намесьнік міністра абароны па ўзбраеньні;
- Андрэй Бурдыка, намесьнік міністра абароны па тыле;
- Мікалай Рагашчук, памочнік Лукашэнкі — інспэктар па Гомельскай вобласьці;
- Вадзім Дзенісенка, камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі;
- Ігар Дземідзенка, камандуючы войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня;
- Юры Шулейка, старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму;
- Іван Крупко, старшыня Гомельскага аблвыканкаму.
ЗША таксама ўвялі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу фізычных асобаў, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. У сьпісе 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў, уключна з Аляксандрам Вальфовічам.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.