— Вячаслаў, ці вы жывы, здаровы? Вы і ваша сям’я не пацярпелі ў першы дзень вайны?
— Дзякую. Пакуль што ўсё больш-менш спакойна, наколькі можа быць спакойна ў сталіцы эўрапейскай дзяржавы, якую другі дзень запар бамбяць.
— Што цяпер адбываецца ў месцы, дзе вы жывяце? Вас там бамбяць ці мо наступіла нейкае зацішша?
— Цяпер зацішша, але гадзіну таму сапраўды даводзілася чуць выбухі. Нядаўна, ужо другі раз за сёньня ў Кіеве, дзе я знаходжуся, абвясьцілі паветраную трывогу. На жаль, мы прывыкаем да гэтых рэаліяў. На жаль, мы бачым у стужцы навін і чуем на ўласныя вушы гэтыя выбухі і ўдары авіяцыі. Перш за ўсё маюцца на ўвазе расейскія ракеты, якія трапляюць і ў жылыя будынкі. Сёньня, на жаль, такое адбылося ў адным з раёнаў Кіева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютагаБезумоўна, гэта нас трывожыць, але гэта таксама нас мабілізуе ўва ўсіх сэнсах гэтага слова. Нашы людзі, кіяўляне і ўсе, з кім даводзіцца кантактаваць у гэтыя дні, — на жаль, такія кантакты бываюць цяпер найчасьцей у бамбасховішчы — дэманструюць высокі маральны дух. У нас абсалютна ва ўсіх аднолькавыя прыярытэты абароны, адстойваньня і зьберажэньня свайго роднага гораду і сваёй краіны. У нас няма ніякіх разьбежнасьцяў у поглядах на прычыны падступнай вайны, якую распачала Расейская Фэдэрацыя. Натуральна, мы намагаемся быць карыснымі для сваёй дзяржавы і свайго гораду такім чынам, якім цяпер можам найлепш ім паслужыць.
Вячаслаў Лявіцкі
— Скажыце, дзе вы спалі ў першую ноч вайны — дома ці ў нейкім бамбасховішчы?
— Дома, але не магу сказаць, што гэта быў спакойны сон. Дазволю сабе вярнуцца да папярэдняй ночы, калі пачалася вайна. Агулам кажучы, 23 лютага быў у мяне даволі абнадзейлівым днём. Гэта можа быць цікава беларускай аўдыторыі: у гэты дзень я здабыў рукапіс успамінаў пра Ўладзімера Караткевіча ад ягонага вучня са школы на Кіеўшчыне. Цяпер гэты вучань — вядомы ўкраінскі этнограф. І вось я вечарам вяртаюся на кіеўскім мэтро, трымаючы ў руках тыя сінія аркушы, якіх ніхто раней не чытаў і якія кідаюць некалькі промняў сьвятла на біяграфію беларускага клясыка. І засынаю спакойна з плянамі засяродзіцца на літаратурных і літаратуразнаўчых працэсах, а прачынаюся ў абставінах расейскай агрэсіі. Пра вайну я дазнаўся з мэсыджаў ад маіх беларускіх сяброў, якія выказвалі мне падтрымку і салідарнасьць, а некаторыя перапрашалі мяне і сьцьвярджалі, што ім сорамна жыць у краіне, якая таксама мае дачыненьне да распачацьця гэтай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеўскай вобласьці ў выніку авіяўдараў загінулі чацьвёра і параненыя 15 мірных грамадзянЗабягаючы наперад, хачу сказаць сваім беларускім сябрам: я выразна ўсьведамляю, што ад паўночных межаў Украіны да майго роднага Кіева едуць на танках ня тыя прыўкрасныя празаікі і паэты, якіх я перакладаў, перакладаю і буду перакладаць, а наш супольны вораг. Я думаю, што гэта даволі важная пазыцыя. І спадзяюся, што большасьць маіх суайчыньнікаў таксама ўсьведамляе сытуацыю, у якой цяпер апынулася Беларусь.
— Вы сказалі, што сёньня ў Кіеве была паветраная трывога…
— І ўчора таксама. Гэта ўжо другі дзень, як у нас выла сырэна…
— Калі вые сырэна, вы куды сыходзіце? Маеце бамбасховішча блізка свайго дому ці ідзяце ў мэтро?
— Паколькі наша краіна ўжо прызвычаілася да вайны, у нас распрацаваная мапа бамбасховішчаў, яна ў адкрытым доступе. У мяне ёсьць магчымасьць хавацца ў бамбасховішчы блізка месца майго жыхарства.
Разбураны дом у Кіеве, 25 лютага 2022 году
— Як цяпер выглядае жыцьцё гораду, калі паглядзець з вуліцы? Ці працуюць транспарт, крамы, школы, дзіцячыя садкі?
— У прынцыпе я сказаў бы, што ствараецца ўражаньне вымерлага гораду. Тут у мяне ўзьнікаюць асацыяцыі з 20-мі днямі лютага 2014 году, калі Кіеў быў такім напалову апакаліптычным месцам, калі таксама чуваць было выбухі і ў паветры доўга трымаўся пах паленых шынаў. Гэта было вельмі падобна на тое, што бачым сёньня. Усё сёньня ў стане сьціснутай спружыны. Але мы не панікуем, мы зьберагаем свой патрыятызм, дух і веру ў свае Ўзброеныя сілы і сваю дзяржаўную ўладу.
— А ці ёсьць харчовыя прадукты ў крамах, ці яны пазьнікалі?
— Прадукты ёсьць. Сытуацыя стабільная.
— Ці была ў вас думка зьехаць з гораду, калі пачалася вайна?
— Скажу так. У мяне была ня думка, у мяне быў плян, пакуль не пачалася вайна, рэалізаваць сваю стыпэндыю Gaude Polonia ў Польшчы. Я выйграў гэтую стыпэндыю сваім творчым праектам, якім я вельмі даражыў і хацеў яго ажыцьцявіць. Цяпер, зразумела, сытуацыя кардынальна памянялася. У нас у краіне абвешчана агульная мабілізацыя, і творчыя справы адыходзяць на другі плян. Мы павінны насамрэч стаць карыснымі для Бацькаўшчыны і абараняць, наколькі нам хопіць сілы, свой горад. Я маю на ўвазе рэальную тэрытарыяльную абарону або пэўныя дзеяньні ў кантэксьце інфармацыйнай вайны. Прыярытэтам для нас цяпер ёсьць абарона цэласьці і сувэрэннасьці нашай дзяржавы. Мы з 2014 году ясна ўсьведамляем, што любая вайна мае два сцэнары: або перамога, або капітуляцыя. Другі варыянт абсалютна непрымальны для большасьці ўкраінцаў, у тым ліку кіяўлян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі пісьменьнік і перакладчык Вячаслаў Лявіцкі: «Я закахаўся ў беларускую літаратуру»— Што кажуць людзі ў Кіеве пра мэту Масквы? Якая мэта ў Пуціна — заняць Кіеў і акупаваць усю Ўкраіну? Стварыць ва Ўкраіне марыянэткавы ўрад, які будзе слухацца Крамля? Ці нешта іншае?
— Я перакананы, што ў нас няма двух розных пунктаў погляду. Мэта Пуціна — гэта ня Кіеў і ня ўсход, а акупацыя ўсёй нашай дзяржавы. Зразумела, што калі ўжо сёньня паветраная трывога абвяшчаецца ў Львове, то справа датычыць ня нейкага аддзяленьня адных нашых рэгіёнаў ад іншых. Усе яны аднолькава пакутуюць ад нашага ворага. Мы давяраем зьвесткам нашай выведкі і Ўзброеных сілаў пра тое, што адзін з мэханізмаў дасягненьня мэты Масквы — акупацыі Ўкраіны — гэта ўсталяваньне свайго марыянэткавага ўраду. Ужо і канкрэтныя прозьвішчы ў гэтым кантэксьце гучалі. Але ва ўкраінскім грамадзтве прыхільнікі прарасейскіх сілаў ня маюць большасьці. Маргіналы ёсьць у кожным соцыюме, але ўся Ўкраіна цяпер беспрэцэдэнтна скансалідаваная і давярае дзяржаўнай уладзе — незалежна ад ранейшых палітычных дыскусіяў.
* * *
Вячаслаў Лявіцкі нарадзіўся ў 1988 годзе ў Кіеве. Скончыў Інстытут філялёгіі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі (2009) і асьпірантуру пры ім (2012). Кандыдат філялягічных навук. Паэт, перакладнік, літаратуразнаўца. Актыўны папулярызатар сучаснай беларускай літаратуры, у тым ліку суперакладнік на ўкраінскую мову паэтычнага зборніка Андрэя Хадановіча «Беларускі мужчына» і анталёгіі сучаснага беларускага апавяданьня «Як рыба аб лёд». Перакладаў творы Уладзімера Караткевіча, Міхася Стральцова, а таксама Альгерда Бахарэвіча, Крысьціны Бандурынай, Веры Бурлак, Зьмітра Вішнёва, Лявона Вольскага, Вольгі Гронскай, Алеся Емяльянава-Шыловіча, Віктара Жыбуля, Артура Камароўскага, Насты Кудасавай, Віктара Лупасіна, Уладзя Лянкевіча, Сержа Мінскевіча, Антона Рудака, Міхася Скоблы, Юлі Цімафеевай і іншых.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.