У чацьвер стала вядома, што расейскія вайскоўцы захапілі комплекс будынкаў даўно закрытай пасьля аварыі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца на шляху зь Беларусі ў Кіеў.
Як піша «Голас Амэрыкі», у Белым доме заявілі аб абурэньні ў сувязі з паведамленьнямі аб захопе Расеяй аб’ектаў у Чарнобылі, дзе знаходзіцца атамная электрастанцыя, якая шмат гадоў не працуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютагаРасейскія і ўкраінскія войскі ў чацьвер уступілі ў сутычку за кантроль над Чарнобылем, месцам самай страшнай у сьвеце радыяцыйнай катастрофы, якая стала адным з фактараў распаду Савецкага Саюзу.
«Нашы абаронцы аддаюць свае жыцьці, каб трагедыя 1986 году не паўтарылася», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Твітары перад тым, як расейскія войскі захапілі нядзейную атамную электрастанцыю, дзе ў 1986 годзе адбыўся выбух на адным з рэактараў.
Але навошта камусьці спатрэбілася непрацоўная электрастанцыя, акружаная кіламэтрамі радыяактыўнай глебы?
Адказ крыецца ў геаграфіі, гавораць экспэрты з ЗША: Чарнобыль разьмешчаны проста на шляху зь Беларусі ў Кіеў, і, такім чынам, праходзіць акурат па лініі атакі расейскіх войскаў, якія ўварваліся ва Ўкраіну.
Заходнія вайсковыя аналітыкі заявілі, што, захапіўшы Чарнобыль, Расея проста выкарыстоўвала самы хуткі маршрут уварваньня з тэрыторыі Беларусі, хаўрусьніцы Масквы і пляцдарму для расейскіх войскаў, у Кіеў.
«Гэта самы хуткі шлях з пункта А ў пункт Б», — сказаў Джэймс Эктан з аналітычнага цэнтру Фонду Карнегі.
Джэк Кін, былы начальнік штаба Арміі ЗША, сказаў, што Чарнобыль «ня мае ніякага ваеннага значэньня», але знаходзіцца на найкарацейшым шляху зь Беларусі ў Кіеў, які зьяўляецца мэтай расейскай стратэгіі «абезгалоўліваньня» ўкраінскага ўраду.
Кін назваў маршрут адной з чатырох «восяў», якія расейскія войскі выкарыстоўвалі для ўварваньня ва Ўкраіну, у тым ліку другі вэктар з Беларусі, прасоўваньне на поўдзень у Харкаў і прасоўваньне на поўнач з падкантрольнага Расеі Крыму ў Херсон.
Сумеснае наступленьне стала найбуйнейшай атакай на эўрапейскую дзяржаву з часоў Другой сусьветнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ўзгадніў новы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, у тым ліку забарону на экспарт нафтыЗахоп Чарнобыля зьяўляўся часткай пляну, і высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік заявіў, што ў чацьвер гэты абʼект быў захоплены расейскімі войскамі, хаця высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША заявіў, што Пэнтагон пакуль ня можа пацьвердзіць гэтага.
Чацвёрты рэактар Чарнобыльскай АЭС узарваўся ў красавіку 1986 года падчас няўдалага тэсту, у выніку чаго радыяактыўныя аблокі пранесьліся па большай частцы Эўропы і дасягнулі ўсходу ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютагаАктон лічыць, што Расея захапіла Чарнобыль не для таго, каб абараніць яго ад далейшай шкоды: паводле ягог, чатыры дзейныя ўкраінскія атамныя электрастанцыі нясуць большую рызыку, чым Чарнобыль, які знаходзіцца ў шырокай «зоне адчужэньня» памерам прыкладна з Люксембург.
«Відавочна, што аварыя ў Чарнобылі будзе вялікай праблемай. Але менавіта праз зону адчужэньня яна, верагодна, нямоцна паўплывае на ўкраінскае цывільнае насельніцтва», — сказаў Актон.
Актон заявіў, што іншыя ўкраінскія рэактары не знаходзяцца ў зонах адчужэньня і зьмяшчаюць ядзернае паліва, якое нашмат больш радыяактыўнае. «Рызыкі ў выпадку вядзеньня баёў побач зь імі значна вышэйшыя», — адзначыў экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША: «Пуцін паспрабуе захапіць Кіеў і зьвергнуць украінскі ўрад»Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.