Мужчынам ад 18 да 60 гадоў забаранілі пакідаць Украіну

Чыгуначная станцыя ў Краматорску, 24 лютага 2022

Улады Украіны ўвялі абмежаваньні на выезд з Украіны для мужчын ад 18 да 60 год, паведаміла памежная служба краіны.

«Грамадзянам Украіны мужчынскага полу ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў забаронена пакідаць тэрыторыю Украіны. Такое правіла будзе дзейнічаць на пэрыяд ваеннага становішча», – гаворыцца ў паведамленьні.

Ва Ўкраіне ад сёньняшняга дня ўведзенае ваеннае становішча пасьля ўварваньня Расеі. У 5 раніцы 24 лютага прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў аб пачатку спэцапэрацыі на Данбасе пасьля звароту аб ваеннай дапамозе з боку так званых «ДНР» і «ЛНР», якія ён перад тым прызнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі абвясьціў усеагульную мабілізацыю 

Нягледзячы на прамое ўварваньне, Крэмль адмаўляе намер акупацыі Украіны.

24 лютага Крэмль паўтарыў папярэднюю заяву Пуціна аб тым, што мэтай уварваньня зьяўляецца «дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя Ўкраіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага