На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае кіраўнік кабінэту прадстаўнікоў Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.
— Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе абавязкі прадстаўніка беларускага народу і стварае пераходны кабінэт. Што гэта азначае? Яна бярэ ўладу? Яна абвяшчае сябе прэзыдэнткай?
— Лукашэнка больш ня можа забясьпечваць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі. Ён адмаўляецца ад гэтага, ён знаходзіцца пад кантролем Расеі, ён дазволіў увод расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, якія стварылі пагрозу для бясьпекі Ўкраіны.
Лукашэнка яшчэ да пачатку баявых дзеяньняў дазволіў расейскім войскам пагражаць Украіне. Цяпер, калі расейскія войскі выкарысталі нашую тэрыторыю для агрэсіі, Беларусь таксама стала агрэсарам.
Гэта адпавядае вызначэньню агрэсіі, дадзенаму ААН у 1974 годзе: прадастаўленьне іншай краіне сваёй тэрыторыі для агрэсіі супраць трэцяй краіны — гэта таксама агрэсія.
Лукашэнка робіць тое, што супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, канстытуцыйнаму палажэньню аб імкненьні да нэўтралітэту.
Лукашэнка цалкам згубіў легітымнасьць і ніяк не прадстаўляе беларускі народ, ён стварае пагрозу незалежнасьці і самому існаваньню нашай краіны.
У выніку кансультацыяў з нашымі партнэрамі па дэмакратычнай кааліцыі мы прыйшлі да высновы, што павінен быць зроблены такі крок.
Пасьля выбараў 2020 году Сьвятлана Ціханоўская прадстаўляла тых людзей, якія за яе прагаласавалі. Цяпер, калі рэжым Лукашэнкі — ня толькі нелегітымны, але і злачынны адносна незалежнасьці краіны, трэба браць на сябе функцыю забесьпячэньня сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны.
— А якія практычныя крокі мяркуецца зрабіць у рэчышчы гэтай заявы Ціханоўскай?
— Тое, што для нас найбольш даступна, — гэта міжнародная праца. Каб міжнародная супольнасьць разумела, што рашэньні аб удзеле яго рэжыму ў вайне Расеі з Украінай ніяк не адлюстроўваюць волю беларускага народу. Лукашэнка ўжо заявіў, што гатовы ўзяць наўпроставы ўдзел у баявых дзеяньнях беларускімі войскамі.
Беларусы супраць вайны з Украінай, супраць выключэньня з Канстытуцыі палажэньня аб бязьядзерным статусе Беларусі.
Тое, што робіцца, — злачынства супраць беларускай незалежнасьці і дзяржаўнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе абавязкі прадстаўніка беларускага народу і стварае пераходны кабінэт. Латушка падтрымаў— Вы — былы дыплямат. Ці прадугледжвае новы статус Ціханоўскай, што замежныя дзяржавы павінны акрэдытоўваць сваіх амбасадараў пры ёй?
— Думаю, што менавіта такая форма акрэдытацыі не прадугледжваецца. Мы ў сталым кантакце з шэрагам сталіцаў. Я ня бачу імавернасьці, каб замежныя дыпляматы ўручалі Ціханоўскай свае даверчыя граматы. Існае розьніца паміж інаўгурацыяй прэзыдэнта, прадугледжанай у Канстытуцыі, і сёньняшняй заявай Ціханоўскай.
— Хто і на якіх пасадах увойдзе ў пераходны кабінэт Ціханоўскай? Ці можа ўжо ўвайшоў?
— На сёньня ў нас пакуль няма адказаў на гэтае пытаньне. Мы распрацоўваем канфігурацыю такога органу, абмяркоўваем, хто можа ўвайсьці ў яго склад, якія задачы і мэты ён будзе выконваць.
— У чаце пытаюцца, ці будзе Ціханоўская прымаць прысягу.
— Заява Ціханоўскай — рэакцыя на падзею сёньняшняга дня, на тое, што пачалася вайна супраць Украіны, а Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай гэтай вайны. Новыя рашэньні будуць прынятыя ў бліжэйшыя дні.
— Як пераходны кабінэт зможа ўплываць на сытуацыю ўнутры Беларусі?
— Новы цэнтар сілы, цэнтар прыняцьця рашэньняў будзе адлюстроўваць палітычнае поле, якое стварылася пасьля выбараў 2020 году. У склад ураду ўвойдуць прадстаўнікі «Рабочага руху», BY-POL, Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня і іншых ініцыятываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украінцы, прабачце беларусам». Як беларуская апазыцыя адрэагавала на абвешчаную Пуціным вайну ЎкраінеШто было раней
- Беларуская дэмакратычная лідэрка заявіла, што падступны напад Расеі на Ўкраіну адбыўся пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
- У сваёй заяве Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што «Лукашэнка і яго рэжым цалкам падзяляюць з прэзыдэнтам Расеі адказнасьць за гэтую вайну».
- «Нелегітымны кіраўнік Беларусі ўвёў замежныя войскі і зрабіў нашую краіну непасрэдным удзельнікам канфлікту. Гэта дзяржаўная здрада і здрада інтарэсам нашага народу і беларускай дзяржавы».
- Такім чынам, падкрэсьліла Ціханоўская, Лукашэнка ня можа лічыцца гарантам незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласьці Беларусі.
- «Я, Сьвятлана Ціханоўская, на аснове паўнамоцтваў, дадзеных мне беларускім народам у выніку прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, бяру на сябе адказнасьць зь сёньняшняга дня адстойваць незалежнасьць і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусі. Я буду выконваць абавязкі прадстаўніка беларускага народа і гаранта ягоных правоў і свабодаў да новых выбараў. Я ствараю пераходны кабінэт як нацыянальны орган улады Рэспублікі Беларусі. Жыве Беларусь!»