Ціханоўская ў Парыжы сустрэлася з старшынём Канстытуцыйнай рады Францыі і дэпутатамі парлямэнту

Сьвятлана Ціханоўская і Ляран Фабіюс, 23 лютага 2022 году, Парыж

Сьвятлана Ціханоўская ў Парыжы сустрэлася з старшынём Канстытуцыйнай рады Францыі Ляранам Фабіюсам. Удзел у сустрэчы таксама прыняў спэцыяльны пасланьнік Францыі для Беларусі Нікаля дэ Лякост.

Сярод тэмаў гутаркі, паводле прэсавай службы Ціханоўскай, — магчымая праўная ацэнка знаходжаньня расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, якога, лічыць Сьвятлана Ціханоўская, не павінна прызнаваць міжнародная супольнасьць.

На сустрэчы адзначалі, што ў будучыні Беларусі давядзецца аднаўляць канстытуцыйную законнасьць. «Досьвед краін, якія прайшлі праз падобныя складанасьці, быў бы неабходны Беларусі», — заявіла Ціханоўская.

  • Канстытуцыйная рада Францыі выконвае функцыі канстытуцыйнага нагляду, яе старшыню прызначае прэзыдэнт, а чальцоў — старшыні Сэнату і Нацыянальнага сходу. У склад рады таксама пажыцьцёва ўваходзяць былыя прэзыдэнты Францыі.

Пазьней 23 лютага адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з дэпутатамі парлямэнту Францыі, дзе абмяркоўваліся тыя ж тэмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя заявіла аб непрызнаньні рэфэрэндуму ў Беларусі, чакаецца супольнае рашэньне Эўразьвязу