«Ня веру, што 2 чалавекі могуць вырашаць лёсы людзей». Ціманоўская эмацыйна выказалася пра расейска-ўкраінскі канфлікт

Крысьціна Ціманоўская, архіўнае фота

Лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская, якая вымушана не вярнулася ў Беларусь пасьля Алімпійскіх гульняў у Токіё, эмацыйна выказалася ў сацыяльных сетках пра расейска-ўкраінскі канфлікт.

У сваім інстаграме Крысьціна Ціманоўская апублікавала допіс пад загалоўкам «Мы хочам мірнага неба над галавой», у якім распавяла, што яе продкі былі ўкраінцамі, дзявочае прозьвішча яе маці — Нявінская, ва Ўкраіне жывуць шмат родзічаў, зь якімі сям’я падтрымлівае цёплыя адносіны.

«Я памятаю, як гуляла па Кіеве і Адэсе ў далёкіх 2012–2013 гадах і атрымлівала асалоду ад гэтых выдатных гарадоў. І ведаеце, зараз я ў вялікім шоку ад таго, што адбываецца. Мы братні народ, і я не разумею, як брат можа пайсьці на брата вайной.

Я ня веру ў тое, што два чалавекі могуць вырашаць лёсы людзей і сутыкаць людзей адзін супраць аднаго дзеля свайго каралеўскага трона», — піша Ціманоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская пагроза Ўкраіне і рэакцыя сьвету. Што адбывалася 23 лютага

Яна дадае, што верыць «у мір, дабро і любоў», бо «любоў перамагае зло».

«Я веру ў тое, што неўзабаве ўсе межы будуць вольныя і адкрытыя, у тое, што мы зможам езьдзіць у госьці адзін да аднаго, у тое, што мы ня будзем баяцца за сябе і сваю свабоду, як у старыя добрыя часы. Я ЗА МІР!» — напісала Ціманоўская.

Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь

  • 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
  • Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
  • Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
  • 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
  • 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.