Дзяржсакратар ЗША Блінкен скасаваў сустрэчу зь міністрам замежных спраў Расеі Лаўровым

Энтані Блінкен

Амэрыканскі чыноўнік заявіў, што цяпер у сустрэчы з кіраўніком расейскага МЗС няма ніякага сэнсу.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен скасаваў заплянаваную на 24 лютага сустрэчу зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым. Ён заявіў, што пасьля фактычнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну гэтая сустрэча ня мае сэнсу.

«На мінулым тыдні я пагадзіўся сустрэцца зь Сяргеем Лаўровым 24 лютага, каб абмеркаваць узаемныя асьцярогі нашых краін наконт эўрапейскай бясьпекі. Але толькі ў тым выпадку, калі Расея не ўварвецца ва Ўкраіну. Цяпер мы бачым, што ўварваньне пачалося, Расея цалкам адмаўляе дыпляматычны шлях. Таму сэнсу праводзіць сустрэчу ў гэты час няма. Я пракансультаваўся з нашымі саюзьнікамі − усе пагадзіліся. Я накіраваў міністру Лаўрову ліст, які інфармуе яго пра адмену сустрэчы».

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 22 лютага ў сувязі з крызісам вакол Украіны і прызнаньнем Масквой незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР», што ЗША ўводзяць першы пакет новых санкцый супраць Расеі.

Прэзыдэнт ЗША сказаў, што санкцыі ўзгодненыя з саюзьнікамі і партнэрамі, і паабяцаў, што ў адказ на магчымую эскаляцыю з боку Расеі адбудзецца і эскаляцыя санкцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта пачатак расейскага ўварваньня ва Ўкраіну». Байдэн абвясьціў пра санкцыі супраць Расеі

У першым пакеце санкцый ЗША:

  • Санкцыі супраць сувэрэннага доўгу Расеі. Расея ня зможа атрымаць доступу да заходняга фінансаваньня;
  • Санкцыі супраць банкаў «Внешэкономбанк» і «Военно-Промышленный Банк»;
  • Пэрсанальныя санкцыі супраць прадстаўнікоў «расейскай эліты і іх сем’яў»;
  • Байдэн заявіў, што ёсьць дамова зь Нямеччынай аб тым, што газаправод «Паўночны паток – 2» ня будзе ўведзены ў дзеяньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз дамовіўся ўвесьці санкцыі супраць расейскіх дэпутатаў і бізнэсу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што казаў Пуцін і чым гэта пагражае Беларусі. Аналіз палітоляга Карбалевіча

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.