Хроніка перасьледу 21 лютага: выкладчыцу журфаку БДУ арыштавалі на 15 дзён

Суд Цэнтральнага раёну Менску

Беларусаў надалей перасьледуюць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Дацэнта катэдры тэлевізіі і радыё журфаку БДУ Ганну Курэйчык сілавікі затрымалі 18 лютага.

Як сёньня стала вядома «Нашай ніве», суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў жанчыну паводле артыкула 24.3 КаАП — «Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы». Курэйчык пакаралі 15 соднямі арышту.

Ганну Курэйчык затрымалі, калі яна была на бальнічным, сілавікі прыйшлі да яе дадому. Зь якой прычыны прыйшлі да выкладчыцы, невядома.

«Думаю, што зроблена гэта было для яе звальненьня. Бо кантракт у яе быў да 2023 году», — адзначыў калега Курэйчык.

У верасьні 2020 году Ганна Курэйчык выказвалася ў сацсетках пра падзеі ў Беларусі. На яе думку, у краіне ішло «мэтанакіраванае зьнішчэньне прафэсіі журналіста».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 лютага: КДБ сказаў пра пляны сарваць рэфэрэндум; затрымалі выкладчыц БДУ Ганну Курэйчык і Тацяну Сініцу

Рамуальда Ўлана арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

На мінулым тыдні ў папраўчых установах адкрытага тыпу супрацоўнікі КДБ чынілі затрыманьні, ператрусы, допыты, забіралі ў палітзьняволеных тэлефоны «на экспэртызу». Сярод затрыманых палітвязень Рамуальд Улан, які адбывае пакараньне на «хіміі». У яго забралі тэлефон, пасьля чаго склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП — «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У выніку Рамуальда асудзілі на 14 дзён арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. Арышт палітвязень будзе адбываць у гомельскім ІЧУ, паведамляе «Вясна».