Дарадца прэзыдэнта Польшчы пра расейскую эскаляцыю: «Непасрэднай пагрозы для Польшчы няма»

Антываенны марш у Варшаве, архіўнае фота

У Польшчы заяўляюць, што краіна зробіць усё, каб зьберагчы мір у рэгіёне. Калі ж Крэмль не паслухаецца, у Варшаве гатовы рашуча рэагаваць.

«Непасрэднай пагрозы для Польшчы няма. Аднак элемэнтам польскіх нацыянальных інтарэсаў, і шырэй, (элемэнтам) эўрапейскай і сусьветнай бясьпекі — як пра гэта таксама кажуць прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і амэрыканскія партнэры — зьяўляецца мір ва Украіне», — сказаў у этэры польскага радыё 24 дарадца прэзыдэнта Польшчы Павэл Муха. І падкрэсьліў, што «Польшча імкнецца захаваць гэты мір».

«Трэба рабіць дзеяньні для дээскаляцыі, і Польшча робіць такія дзеяньні нават сёньня, такія дзеяньні будуць рабіцца да апошняй хвіліны», — сказаў Муха.

Па словах дарадцы прэзыдэнта, «пры чорным сцэнары расейскай агрэсіі ва Ўкраіне рэакцыя павінна быць вельмі рашучай».

«Гэтая рэакцыя павінна быць вельмі моцнай, і адсюль і размовы аб санкцыях, якія былі б зьвязаны зь любым актам агрэсіі, чарговым у адносінах да Украіны (...) Павінна быць зразумела, што Расеі нявыгадна нападаць на Ўкраіну», — падкрэсьліў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Літва і Латвія адрэагавалі на працяг расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў

Дарадца прэзыдэнта адзначыў, што «сытуацыя Польшчы адрозьніваецца ад сытуацыі Ўкраіны, бо Польшча зьяўляецца сябрам NATO».

На яго думку, адзінства NATO, Захаду і Эўразьвязу мае «вельмі вялікую вартасьць». Ён таксама зьвярнуў увагу на «дзясяткі» перамоваў паміж прэзыдэнтам Анджэем Дудам і замежнымі партнэрамі, а таксама польскай апазыцыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве анансавалі стварэньне новага рэгіянальнага праекту Брытаніі, Польшчы і Ўкраіны. Зь якой мэтай?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністарка Эстоніі: «Вырашылі дапамагчы Ўкраіне, бо аднойчы мы самі страцілі сваю незалежнасьць»