МЗС Францыі: Эўразьвяз не пакіне без адказу магчымае разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі

Жан-Іў Ле Дрыян

Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Іў Ле Дрыян заявіў, што гэтае рашэньне сур’ёзна паўплывае на сытуацыю ў сфэры бясьпекі.

Пра гэта інфармуе ТАСС.

Разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі сур’ёзна паўплывае на сытуацыю ў сфэры бясьпекі і не застанецца без адказу з боку Эўропы. Пра гэта паведаміў міністар замежных спраў Францыі Жан-Іў Ле Дрыян у інтэрвію нядзельнай газэце Le Journal du Dimanche.

«Уладзімір Пуцін заявіў прэзыдэнту Макрону ў Маскве, што разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі не разглядаецца і што пасьля заканчэньня сумесных вучэньняў расейскіх войскаў у Беларусі больш ня будзе. Я спадзяюся, што тады мы зможам сказаць: „Так і ёсьць“. Паглядзім. У адваротным выпадку гэта стала б сур’ёзнай зьменай у эўрапейскай бясьпецы, якая ня можа застацца без адказу», — адзначыў ён.

Так кіраўнік францускай дыпляматыі адказаў на просьбу журналіста пракамэнтаваць магчымую зьмену Канстытуцыі Беларусі на рэфэрэндуме 27 лютага, якая прадугледжвае адмову ад нэўтральнага, бязьядзернага статусу краіны. Згодна з праектам дакумэнта на партале Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі Беларусі, у артыкуле аб зьнешняй палітыцы, дзе ў цяперашняй вэрсіі гаворыцца, што краіна «ставіць на мэце зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай», прапануецца ўказаць, што краіна «выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў». Шэраг заходніх краін, у прыватнасьці ЗША, выказалі асьцярогі наконт таго, што падобная зьмена можа садзейнічаць разьмяшчэньню войскаў і ядзерных сіл Расеі на тэрыторыі рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: ядзерную зброю разьмесьцяць у Беларусі толькі ў выпадку пагрозаў з боку Захаду

Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што гатовы прапанаваць Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі ў выпадку, калі амэрыканскія ядзерныя боегалоўкі зьявяцца ў Польшчы. Ён таксама паабяцаў разьмясьціць «ня толькі ядзерную, але і звыш’ядзерную» зброю для абароны краіны ад магчымай агрэсіі. У Расеі тады заявілі, што прынялі да ўвагі словы кіраўніка Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: Беларусь гатовая разьмясьціць у сябе ядзерную зброю пры пагрозе з боку NATO