Хроніка перасьледу 20 лютага: КДБ сказаў пра пляны сарваць рэфэрэндум; затрымалі выкладчыц БДУ Ганну Курэйчык і Тацяну Сініцу

Тацяна Сініца

У Беларусі не спыняецца ані на дзень перасьлед іншадумцаў, якія ў якой-небудзь сфэры выказваюць нязгоду з палітыкай рэжыму Лукашэнкі.

Затрымалі былую выкладчыцу ФФСН

Затрымалі былую выкладчыцу ФФСН БДУ Тацяну Сініцу. Па якім артыкуле затрымалі жанчыну — пакуль невядома, паведамляе тг-канал «Вольны прафсаюз БДУ».

Тацяну ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе. На той момант выкладчыца ФФСН падтрымлівала страйк студэнтаў.

19 лютага сілавікі зь невядомай прычыны затрымалі дацэнта факультэту журналістыкі Ганну Курэйчык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі ахвочага зарэгістравацца назіральнікам і выкладчыцу журфака БДУ. Хроніка перасьледу 19 лютага

Ціск і затрыманьні «хімікаў»

З 15 лютага ў папраўчых установах адкрытага тыпу («хіміях») супрацоўнікі КДБ ладзяць затрыманьні, ператрусы, допыты, вымаюць тэлефоны на экспэртызы ў палітзьняволеных. Таксама вядома пра затрыманьне былога палітвязьня, які ўжо адбыў «хімію», а таксама пра ператрусы дома ў «хімікаў», якія пакінулі Беларусь, піша «Вясна».

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, палітзьняволены Станіслаў Паўлінковіч затрыманы ў межах арт. 289 КК (акт тэрарызму), палітвязьня Дзяніса Граханава вінавацяць у абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК), а супраць былога палітвязьня Юрыя Касьцюка склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

КДБ заявіў пра затрыманьне ўдзельнікаў суполак, якія «плянавалі зрыў рэфэрэндуму»

Праўладны тэлеканал АНТ паказаў кадры затрыманьня групы людзей, а таксама апублікаваў зьмест улётак, якія затрыманыя нібыта дасылалі сябрам выбарчых камісій па рэфэрэндуме, піша Новы Час.

«Настаўнікі! Лічыце галасы на рэфэрэндуме сумленна. Калі будзе інакш, дык бойцеся! Мы да вас прыйдзем і спытаем».

У лістах, якія «адпраўлялі затрыманыя ад імя міліцыянтаў і судзьдзяў, былі прамыя пагрозы і ўказаньне на тое, што вядомыя іх адрасы», паведамілі прапагандысты ў рэпартажы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэфэрэндум узмоцненага рэжыму: ужо завялі 200 крымінальных спраў за пагрозы і абразы чыноўнікаў