У Гайнаўцы Падляскага ваяводзтва Польшчы прайшоў чарговы марш крайне правых сілаў у гонар «выклятых жаўнераў». Удзельнікі хады, прадстаўнікі польскіх ультраправых арганізацый, як і ў папярэднія гады несьлі плякаты з выявай Рамуальда Райса, псэўданім «Буры».
Райс адказны за забойствы мірных жыхароў Беласточчыны ў пасьляваенны час. Ягоны атрад выганяў з дамоў людзей і забіваў іх на падставе беларускай нацыянальнасьці і праваслаўнага веравызнаньня.
Перад маршам у Гайнаўцы прайшла акцыя «Вечная памяць», падчас якой ушанавалі памяць ахвяр «Бурага». Удзельнікі выставілі зьнічы ў форме лічбы 79, па колькасьці ахвяр карнікаў, прачытаўшы прозьвішчы іх усіх.
У параўнаньні зь мінулым годам, сёлета польскіх ультраправых прыехала ў Гайнаўку меней, але спробам заблякаваць марш перашкодзіла паліцыя, яна адганяла найбольш актыўных праціўнікаў маршу і затрымала некалькі чалавек, затым адпусьціўшы. Супраціў маршу традыцыйна чыняць грамадзяне Польшчы, пераважна левых поглядаў, а таксама этнічныя беларусы, як мясцовыя, так і з дыяспары.
Акцыя супраць маршу адбылася 19 лютага і ў Любліне. Там пратэстоўцы выйшлі з плякатамі «Нацыяналізм гэта не патрыятызм», «Буры не герой» і «Мая Айчына — чалавецтва».
Праціўнікі маршу радыкальных нацыяналістаў не выступаюць агулам супраць усіх змагароў антысавецкага супраціву, якіх у Польшчы называюць «выклятымі жаўнерамі», ім не падабаецца, што сярод іх згадваюць «Бурага», які адказны за забойствы цывільнага насельніцтва, фактычна генацыд.
У 2020 годзе Польская праваслаўная царква ўнесла ахвяр атраду «Бурага» ў сьпіс сьвятых пакутнікаў Падляскай зямлі. Яшчэ ў 2005 годзе Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў забойствы, зьдзейсьненыя аддзелам Рамуальда Райса «Бурага» злачынствам з прыкметамі генацыду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 93-гадовы партызан «Бурага», які быў прысутны падчаc зьнішчэньня беларускай вёскі, выступіў на шэсьці. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адмовімся ад „Бурага“ — заўтра скажуць адмовіцца ад астатніх». Інтэрвію з арганізатаркай скандальнага маршу ў Гайнаўцы