Праца над помнікам клясыку беларускай літаратуры Якубу Коласу ўжо скончаная. Яго адкрыцьцё прымяркуюць да 140-годзьдзя народнага песьняра, паведамляе «Суполка беларускіх пісьменьнікаў».
Скульптары, якія працавалі над стварэньнем помніка, — Сяргей Логвін, Іван Міско, Уладзімір Піпін.
Культурная спадчына Стаўпецкага раёну трывала зьвязаная зь Якубам Коласам: тут ён нарадзіўся, жыў, ствараў вялікія творы. Імем народнага паэта на Стаўпеччыне названыя школы і вуліцы, але ёсьць толькі адзін помнік — у вёсцы Мікалаеўшчына, на радзіме ягоных бацькоў. Бронзавы бюст быў усталяваны яшчэ ў 1972 годзе, да 90-годзьдзя песьняра.
У мінулым годзе было вырашана ўвекавечыць памяць пісьменьніка ў Стоўпцах. На конкурс помніка Коласу паступіла 15 скульптурных работ. Пераможцам стаў калектыў скульптараў Івана Міско, Сяргея Логвіна і Уладзіміра Піпіна — той самы, які працаваў над помнікам Льву Сапегу ў 2019 годзе ў Слоніме.
Плянуецца, што манумэнт будзе знаходзіцца ў цэнтры горада, у сквэры на вуліцы Цэнтральнай. Прыблізная вышыня — 3 мэтры. Раней, паведамлялася, што яго стварэньне і ўсталяваньне фінансуецца за кошт прыцягнутых сродкаў ад правядзеньня суботнікаў, спонсарскай дапамогі і іншых крыніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якубу Коласу — 137 гадоў. 20 нечаканых фактаў пра яго