Адвакат паведаміў пра стан здароўя Мацкевіча пасьля галадоўкі

Філёзаф, палітвязень Уладзімер Мацкевіч

Палітвязьня Ўладзімера Мацкевіча пасьля таго, як ён спыніў галадаваньне, наведаў ягоны адвакат.

Апошнюю інфармацыю наконт стану палітзьняволенага філёзафа і мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча пасьля галадоўкі агучылі сёньня ягоныя паплечнікі падчас прэс-канфэрэнцыі, арганізаванай Press Club Belarus.

Па словах сацыёляга і каардынатаркі «Лятучага ўнівэрсытэту» Тацяны Вадаласкай, учора ў Мацкевіча быў адвакат. Ён перадаў, што стан ягонага падабароннага, у параўнаньні з 16 лютага, палепшыўся:

«Пасьля таго, як ён выйшаў з галадоўкі і была аказаная мэдыцынская дапамога, ён адчувае сябе лепей і выглядае лепш», — сказала Тацяна.

Яна падкрэсьліла, што цяпер важная магчымасьць доступу незалежнага мэдыка, паколькі відавочна, што такое працяглае галадаваньне не магло прайсьці бясьсьледна.

17 лютага Ўладзімер Мацкевіч стаў піць ваду і зьеў пару лыжак кашы.

«Ведаем пра тое, што пасьля абеду 16 лютага былі сьледчыя дзеяньні, характару і зьместу якіх мы ня ведаем. Уладзімер даў ім такую ацэнку, што гэта паслужыла падставай для яго спыніць галадоўку», — сказала Вадалажская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мацкевіч спыніў галадоўку ў СІЗА і сказаў адвакату: «Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца»

Філёзаф і палітвязень Уладзімер Мацкевіч пачаў галадаваць увечары 4 лютага. Ён патрабаваў вызваліць яго з-пад арышту пад падпіску аб нявыезьдзе; растлумачыць, у чым яго вінавацяць, і прызначыць дату суду над ім.

З 15 лютага ён перайшоў на «сухое галадаваньне», перастаўшы і піць.
16 лютага быў трынаццаты дзень з пачатку галадаваньня Ўладзімера Мацкевіча за кратамі, і другі дзень, калі ён адмовіўся ад вады. Стала вядома, што ягоны стан моцна пагоршыўся, сталі нямець рукі і ногі, упаў ціск. Вязьні паведамілі пра гэта супрацоўнікам СІЗА, тыя выклікалі турэмных мэдыкаў. Мацкевічу паставілі кропельніцу і ўкалолі вітаміны. Філёзаф ачуўся.

У сьвеце і ў Беларусі нарастала хваля салідарнасьці з Мацкевічам: з прычыны ягонай галадоўкі выказваліся вядомыя людзі, у беларускіх гарадах зьяўляліся надпісы і графіці ў падтрымку Мацкевіча. Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі заклікала неадкладна вызваліць вязьня з турмы.

17 лютага паплечнікі Ўладзімера Мацкевіч атрымалі інфармацыю ад ягонага адваката. Мацкевіч расказаў адвакату:

«Учора я пачаў адключацца. Сусед выклікаў урачоў, рабілі кропельніцу. Пасьля працэдуры была сустрэча са сьледчым, зь якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і ўвечары каля 19.00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца».

З заявы, якую распаўсюдзілі праўладныя тэлеграм-каналы, вынікае, што акрамя артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Мацкевічу інкрымінуюць таксама частку 1 артыкула 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»). Раней пра гэта вядома не было, піша «Вясна».

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.