Украінская сьпявачка Аліна Паш адмовілася ад удзелу ў «Эўравізіі» — яе крытыкуюць за выступ у акупаваным Крыме

Аліна Паш

Сьпявачка Аліна Паш, пераможца Нацыянальнага адбору на «Эўравізію-2022», заявіла, што адмаўляецца ад удзелу ў сьпеўным конкурсе.

Пра гэта яна заявіла 16 лютага ў сваім інстаграме.

Па словах Паш, яна сутыкнулася зь ціскам, атакамі на яе акаўнты ў сацсетках, пагрозамі і цкаваньнем.

«Я не хачу гэтай віртуальнай вайны і хейту. Галоўная вайна зараз — гэта зьнешняя, якая прыйшла ў маю краіну ў 2014 годзе. Я не хачу далей быць у гэтай бруднай гісторыі. Зь цяжкім сэрцам я здымаю сваю кандыдатуру як прадстаўніка Ўкраіны ў конкурсе Эўравізіі», — напісала сьпявачка.

12 лютага ў Кіеве адбыўся нацыянальны фінал адбору на «Эўравізію-2022». Сьпявачка Аліна Паш у ім перамагла зь песьняй «Цені забытых продкаў». Карыстальнікі ў сацсетках скрытыкавалі сьпявачку за выступленьне ў акупаваным Крыме ў 2015 годзе, што парушае правілы нацыянальнага адбору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анэксаваным Расеяй Крыме журналіста Свабоды Ўладзіслава Есіпенку асудзілі на 6 гадоў турмы

Грамадзкі вяшчальнік перад адборам заявіў, што ня бачыць прычынаў для дыскваліфікацыі, бо Аліна Паш трапіла на паўвостраў праз адміністрацыйную мяжу з Хэрсонскай вобласьцю.

Пасьля адбору Дзяржаўная памежная служба паведаміла, што не выдавала дакумэнт аб нібыта законным уезьдзе ў Крым, які Грамадзкаму вяшчальніку падала каманда Паш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея паведаміла, што закончыла вайсковыя вучэньні ў анэксаваным Крыме