У анэксаваным Расеяй Крыме журналіста Свабоды Ўладзіслава Есіпенку асудзілі на 6 гадоў турмы

Уладзіслаў Есіпенка

Падкантрольны Расеі Сімфэропальскі раённы суд анэксаванага Крыму 16 лютага абвясьціў прысуд па справе журналіста праекту Радыё Свабода «Крым.Реалии» Ўладзіслава Есіпенкі.

Яму прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і каля 1,5 тысячы даляраў штрафу па справе аб незаконным захоўваньні і перавозцы выбуховага прыстасаваньня. Расейская пракуратура прасіла для Есіпенкі 11 гадоў турмы.

Падчас апошняга слова Ўладзіслаў Есіпенка заявіў, што лічыць справу палітычнай.

«Чаму? Таму што я журналіст украінскага выданьня і, хутчэй за ўсё, супрацоўнікі ФСБ хацелі паказаць, наколькі непрымальная свабода слова. Я лічу, што пагрозы і катаваньні ў ХХІ стагодзьдзі недапушчальныя. У 1937 годзе дзеда закатавалі і расстралялі. Здаецца, што ў тых чэкістаў, якія тады былі, ёсьць унукі, праўнукі, якія робяць тое ж самае, што і ў 1937 годзе», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ноччу ты заўсёды дома». Зьняволены журналіст Алег Грузьдзіловіч напісаў, чаму вязьні ня любяць раніцы

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай заклікаў да «неадкладнага вызваленьня» Ўладзіслава Есіпенкі.

«Уладзіслава затрымалі беспадстаўна, жорстка катавалі, каб атрымаць «прызнаньне», зробленае для тэлебачаньня, і падвергнулі яго фіктыўнаму суду, які доўжыўся восем месяцаў. Уладзіслава патрэбна неадкладна вызваліць і дазволіць узьяднацца з жонкай і дачкой, якія чакаюць ягонага вяртаньня дадому з сакавіка мінулага году», — гаворыцца ў заяве Флая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Андрэя Кузьнечыка: «Магчыма, нам і дадзена расстаньне, каб перагледзелі нешта ў жыцьці і сталі больш мудрымі»

Есіпенку затрымалі 10 сакавіка 2021 году — і з таго часу журналіст знаходзіцца за кратамі ў Сімфэропалі. Уладзіслаў здымаў відэа на паўвостраве для праекту Радыё Свабода — «Крым.Реалии». Расейскае сьледзтва абвінавачвае Есіпенку ў зборы інфармацыі для ўкраінскіх спэцслужбаў і перавозцы самаробнай выбуховай прылады. Есіпенка заяўляе, што прызнаньне зь яго выбілі катаваньнямі.

Папярэдняе судовае пасяджэньне ў справе Ўладзіслава Есіпенкі адбылося сёлета 21 студзеня. Раней суд пакінуў журналіста ў СІЗА да 18 сакавіка.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders (CRD) заклікала да вызваленьня Есіпенкі і ўсіх журналістаў у анэксаваным Расеяй Крыме.

У Службе зьнешняй выведкі Ўкраіны заявілі, што інфармацыя аб працы Ўладзіслава Есіпенкі на ўкраінскія спэцслужбы — гэта расейская правакацыя. Неадкладна вызваліць Есіпенку заклікалі міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба і амбудсвумэн Людміла Дзянісава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 лютага абвясьцілі Днём салідарнасьці зь беларускімі незалежнымі журналістамі