Белы дом расказаў, што будзе лічыць посьпехам у пытаньні вакол Украіны

Джэн Псакі.

ЗША і іх саюзьнікі ў ЭЗ і NATO лічаць, што пасьпяховым вырашэньнем крызісу ў адносінах паміж Захадам і Расеяй у сувязі з нарошчваньнем вайсковай моцы ля ўкраінскай мяжы стане толькі поўнамаштабная дээскаляцыя сытуацыі з боку Масквы.

Пра гэта ў аўторак заявіла прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі.

«Думаю, многія нашыя эўрапейскія партнэры і саюзьнікі па NATO будуць лічыць посьпехам дээскаляцыю; пацьверджаную [доказамі] дээскаляцыю на мяжы Ўкраіны, да якой былі сьцягнутыя расейскія войскі; калі [расейцы] ясна дадуць зразумець усёй сусьветнай супольнасьці, СМІ, грамадзкасьці, што яны ня будуць урывацца ва Ўкраіну, і падмацуюць гэта дзеяньнямі», — заявіла Псакі, выступаючы на прэс-брыфінгу ў Белым доме.

Прэс-сакратарка Белага дома ня стала пацьвярджаць паведамленьні аб тым, што да кібэратак супраць украінскіх банкаў і Міністэрства абароны магла мець дачыненьне Расея.

Адказваючы на просьбу пракамэнтаваць збліжэньне пазыцый Масквы і Пэкіна, якое ўзмацнілася ў апошнія тыдні, Псакі папярэдзіла аб відавочнасьці таго факту, што «Кітай ня ў стане кампэнсаваць Расеі іх эканамічныя страты» ў выпадку ўвядзеньня жорсткіх санкцый з боку Захаду.

«Наш агульны пункт гледжаньня ў тым, што калі Расея вырашыць дзейнічаць у тым жа духу, гэта будзе каштаваць Кітаю таго, як ён будзе выглядаць у вачах Эўропы і ўсяго сьвету, і гэта тое, пра што яны павінны падумаць. У гэтым выпадку мы спрабуем прадухіліць вайну. Вось чаму мы публікуем інфармацыю і ўзаемадзейнічаем з сусьветнай супольнасьцю», — заявіла Псакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жадаю NATO ў кожны дом». Як жыве ўкраінскае мястэчка Казачая Лопань за два кілямэтры ад расейскай мяжы