Аб магчымым нападзе Расеі на Ўкраіну згадваецца некалькі месяцаў. Але ў апошні тыдзень напруга ўзмацнілася.
Журналісты тэлеканалу «Настоящее время» пагаварылі з жыхарамі ўкраінскага мястэчка, якое знаходзіцца на мяжы з Расеяй.
Ад Казачай Лопані да мяжы з Расеяй — каля двух кілямэтраў. Аб магчымым уварваньні тут цяпер гавораць усе.
«Навіны, вядома, трывожныя. Але стараемся сябе трымаць у руках, не нэрвавацца. Так што пакуль усё, як звычайна: школа, садок, праца. Проста трэба трымаць сябе ў руках, не панікаваць. Гэта мы ўжо пражывалі, мы з 2014 году ў такой сытуацыі», — расказвае жыхарка Казачай Лопані Марына Каленічэнка.
Панікі ў мястэчку няма. Паліцы крам запоўненыя. А пытаньні аб трывожных валізках выклікаюць у людзей усьмешку ці раздражненьне.
«Якая вайна? Супраць каго? Я супраць свайго брата пайду? — кажа жыхар Казачай Лопані Сяргей Каценка.
Калі выйсьці на пагорак, мабільнікі ловяць расейскую сувязь. А хатнія антэны — расейскія каналы. Амаль кожны зь пяці тысяч мясцовых жыхароў мае сваякоў па той бок мяжы.
«Большасьць глядзяць расейскія каналы, бо наш украінскі канал уключыў, а там адно і тое ж. Там, акрамя вайны, ні пра што не пачуеш. У мяне там сваякі, усе сваякі. Па мамінай, па татавай лініі. Што я магу сказаць? Нічога. Яны таксама ў шоку. Брат з братам ці брат зь сястрой? У мяне і браты, і цёткі жывуць у Расеі. Мне зь імі ваяваць? Я хачу дома быць і міру хачу. І каб дзеці шчасьліва жылі», — кажа прадавачка мясной крамы з Казачай Лопані Ларыса Рось.
Што рабіць, калі ўварваньне ўсё ж здарыцца, плянаў няма, прызнаюцца прадавачкі крамы. А вось дзяцей у школах рыхтуюць да розных сытуацый.
«Дзеці ў школу ідуць, і хвалюесься, крый Божа! У мяне пяцёра дзяцей. Вось гэта страшна. Так, ёсьць трэніроўкі. Ім уключаюць, як і куды выходзіць. Куды якія клясы выбягаюць. Але няма ні бамбасховішчаў усё роўна, ні склепа ў школе — нічога», — адзначае яшчэ адна прадаўшчыца мясцовай крамы Святлана Жданава.
Да 2014 года праз Казачую Лопань хадзілі дзясяткі цягнікоў у Расею. Цяпер станцыя — канчатковы пункт для электрычкі з Харкава. Увечары на паркоўцы каля вакзала тыя, хто сустракае, чакаюць сяброў і родных, якія працуюць у абласным цэнтры.
«Хто кажа „заўтра-пасьлязаўтра“. Ня ведаю. Я жадаю NATO ў кожны дом! Зразумела, што так спакайней. Хто палезе на NATO? Які дурань? Ніякі», — кажа мясцовы жыхар Раман Мірошнік.
Раман — карэнны жыхар Казачай Лопані. І ён асуджае тых аднавяскоўцаў, якія чакаюць тут Расею. «У асноўным чакаюць тыя, якія працаваць ня хочуць, зарабляць ня хочуць і чакаюць, каб рабаваць, забіваць, тэрарызаваць, — лічыць Раман Мірошнік. — Глядзіце, я з адной рукой зарабіў сабе на машыну, на дом, сямʼю апрануў, абуў. Я з раніцы да ночы працую. А сусед у мяне ня хоча працаваць. Ён чакае, калі прыйдуць і ён забярэ ў мяне ўсё. Хочаш у Расею? Я ім білет нават куплю за свае грошы. Едзьце ў Расею».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін сусед — «дэбіл», другі — «тупы», трэці — «безгаловы бандэравец». Якімі паказвае беларусам суседнія народы дзяржаўная прапаганда