Расея паведаміла, што закончыла вайсковыя вучэньні ў анэксаваным Крыме

Вучэньні на палігоне Апук

Сьцьвярджаецца, што войскі Паўднёвай вайсковай акругі Расеі пакінулі акупаваны паўвостраў пасьля вучэньняў.

Падразьдзяленьні Паўднёвай вайсковай акругі пакінулі анэксаваны Крым пасьля завяршэньня тактычных вучэньняў на палігонах, разьмешчаных на паўвостраве, паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на Мінабароны Расеі.

Вайскоўцы і баявая тэхніка, у тым ліку танкі, баявыя машыны пяхоты і артылерыйскія ўстаноўкі, чыгункай вяртаюцца ў пункты пастаяннай дысьлякацыі. Па дадзеных вайскоўцаў, войскі ўжо перасеклі Керчанскую пратоку па Крымскім мосьце.

Перад завяршэньнем вучэньняў разьлікі рэактыўных сыстэм залпавага агню (РСЗА) «Ураган» і «Град» правялі баявую стральбу на палігоне Апук за 40 кілямэтрах ад Керчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі суд вынес турэмныя прысуды двум крымскім татарам

Паўвостраў Крым, які зьяўляецца аўтаномным рэгіёнам у складзе Ўкраіны, быў акупаваны Расеяй у 2014 годзе. Крэмль неадкладна разгарнуў там сваю палітыку перасьледу іншадумцаў: шмат праўкраінскіх дзеячоў, у прыватнасьці крымскіх татараў, на доўгія тэрміны адправіліся за краты праз абвінавачаньні, якія праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі. Некалькі чалавек прапалі бязь вестак. Перасьлед трывае і ў 2022 годзе.

Міжнародная супольнасьць лічыць Крым тэрыторыяй Украіны і наклала на Расею за акупацыю тэрыторыі эканамічныя санкцыі. Беларусь афіцыйна не прызнала Крым расейскім, аднак Лукашэнка і яго атачэньне ўжо неаднаразова на словах сьцьвярджала, што прызнае права Масквы на гэтую тэрыторыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анэксаваным Крыме для журналіста Радыё Свабода Ўладзіслава Есіпенкі абвінавачваньне запатрабавала 11 гадоў калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамога за тры-чатыры дні і саюз ад Карпатаў да Паміра. Лукашэнка агучвае патаемныя жаданьні Пуціна?