У анэксаваным Крыме для журналіста Радыё Свабода Ўладзіслава Есіпенкі абвінавачваньне запатрабавала 11 гадоў калёніі

Уладзіслаў Есіпенка

15 лютага ў Сімфэропальскім раённым судзе прайшлі спрэчкі бакоў па справе журналіста.

Есіпенку затрымалі 10 сакавіка 2021 году — і з таго часу журналіст знаходзіцца за кратамі ў Сімфэропалі. Уладзіслаў здымаў відэа на паўвостраве для праекту Радыё Свабода — Крым.Рэалии. Расейскае сьледзтва абвінавачвае Есіпенку ў зборы інфармацыі для ўкраінскіх спэцслужбаў і перавозцы самаробнай выбуховай прылады. Есіпенка заяўляе, што зь яго катаваньнямі выбілі прызнаньне.

Папярэдняе судовае пасяджэньне ў справе Уладзіслава Есіпенкі адбылося сёлета 21 студзеня. Раней суд пакінуў журналіста ў СІЗА да 18 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаванага ў Крыме пазаштатнага карэспандэнта Радыё Свабода маглі катаваць токам

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders (CRD) заклікала да вызваленьня Есіпенкі і ўсіх журналістаў у анэксаваным Расеяй Крыме.

У Службе зьнешняй разьведкі Ўкраіны заявілі, што інфармацыя аб працы Ўладзіслава Есіпенкі на ўкраінскія спэцслужбы — гэта расейская правакацыя. Неадкладна вызваліць Есіпенку заклікалі міністар замежных спраў Украіны Дмітро Кулеба і амбудсвумэн Людміла Дзянісава.