— Ва Ўкраіну не ўпускаюць грамадзян Беларусі. Шмат беларусаў незадаволеныя гэтым, бо не даюць уехаць і апанэнтам рэжыму ў Беларусі, які заадно з Пуціным. Гэта правільна?
— Можна шмат гаварыць пра тое, як тыя ці іншыя беларусы выступалі за ці супраць Аляксандра Лукашэнкі і які бок займалі ў беларускім палітычным крызісе. Але для Ўкраіны ня гэта важна. Для Ўкраіны важны адназначны адказ на пытаньне «Чый Крым?» і адназначны адказ на пытаньне «Хто агрэсар?». Ёсьць Лукашэнка, але ёсьць і апанэнты Лукашэнкі, якія на пытаньне «Чый Крым» у 2020 годзе не маглі даць уцямнага адказу і штосьці зь сябе вымучылі толькі ў сярэдзіне 2021 году. Ціханоўская, Латушка, Пракоп’еў, Цапкала.
На фоне пагрозы агрэсіі людзі, якія, паводле ўкраінскай дзяржавы, могуць асацыявацца з фарматам расейскага ўплыву, якія ня бачаць пагрозы ад Расейскай Фэдэрацыі, — падчас крызісу іх прысутнасьць зьяўляецца пагрозай на тэрыторыі Ўкраіны. Мужчына ва ўзросьце ад 20 да 45 год тэарэтычна можа ўзяць у рукі зброю. Памятайма, што абмежаваньні ўведзеныя на час небясьпекі агрэсіі.
Беларусь — гэта краіна, у якой знаходзяцца расейскія войскі. Гэта ўжо фактар небясьпекі. І ёсьць палітычныя заявы, у тым ліку і апанэнтаў улады, якія нічым ня лепшыя за заявы Лукашэнкі наконт расейскага вэктару. Для ўкраінскага боку — абое рабое.
«Заява пра пачатак вайны 16-га — спроба ЗША і Расеі гуляцца з інфармацыяй»
— На 16 лютага «прызначылі» пачатак вайны ва Ўкраіне. Ці баяцца людзі гэтай даты, ці лічаць, што гэта паніка, якой ня трэба даваць веры?
— Гэта чарговая спроба інфармацыйнага напружаньня. Калі мы кажам пра амэрыканскія СМІ, асабліва блізкія да Дэмакратычнай партыі, давайце ўзгадаем, што такіх пачаткаў вайны ўжо было некалькі: на Каляды і на Новы Год. Зараз CNN заявіў, што 16-га ўжо ня будзе. Гэта звычайная спроба гуляцца з інфармацыяй, і ў яе гуляюцца як ЗША, так і Расейская Фэдэрацыя. У Амэрыцы хутка адбудуцца прамежкавыя выбары, у якіх дэмакраты, хутчэй за ўсё, згубяць абедзьве палаты з прычыны правалу ў Афганістане, то бок сьмешнага і ганебнага вываду войскаў. Перайграць на інфармацыйным полі можна, заявіўшы пра небясьпеку вялікай вайны, прадухіліўшы яе. Паралельна з гэтым ідуць размовы пра фармат суіснаваньня РФ і ЗША і аналягічныя перамовы паміж ЭЗ і РФ. Расея хоча аднаго — фіксацыі сваёй сфэры ўплыву, пацьверджаньня статусу супэрдзяржавы. І часткова гэта ў яе атрымалася. Давайце паглядзім на рэакцыю ЗША і ЭЗ на падзеі ў Казахстане, калі адзін са сьпікераў Белага дому наўпрост казаў, што Казахстан — гэта ня нашае пытаньне, няхай Расея разьбіраецца. І гэтая заява вісіць на сайтах амбасадаў, Белага дому.
«Украіну схіляюць да кампрамісу наконт перамоваў па Данбасе, выгаднага Расеі»
— Навошта гэтая гульня ў павышэньне напружанасьці?
— Украіну схіляюць да кампрамісу наконт перамоваў па Данбасе. Такога кампрамісу, які выгадны Расейскай Фэдэрацыі. Амаль усе візытэры, якія наведваюць апошнім часам Кіеў, яны казалі пра безальтэрнатыўнасьць Менску-2 і гатоўнасьць ісьці на кампраміс. Грамадзтва ва Ўкраіне гэтага не прымае, таму гэта самагубства для прэзыдэнта Зяленскага і ягонага атачэньня. Грамадзтва і сілавікі гатовыя ваяваць. І вось гэтая рэакцыя Ўкраіны стала нечаканасьцю, як для ЗША, так і для Расеі. Яны чакалі ў пэўным сэнсе панічнай рэакцыі, калі ўкраінскае кіраўніцтва будзе хапацца за галаву і езьдзіць па сталіцах Захаду з просьбай дапамагчы. І пасьля ў якасьці паратунку быў бы прапанаваны кампраміс па Данбасе. Але такога не атрымліваецца.
Зяленскі працуе на другі тэрмін сваіх паўнамоцтваў. Яго людзі разумеюць, што пайсьці на кампраміс і сесьці за стол перамоваў з сэпаратыстамі — гэта палітычная катастрофа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Cтраляць будуць з кожнага вакна». Беларускі спартовец і музыка Віталь Гуркоў запісаў зварот пра гатоўнасьць абараняць Украіну«Расейскія войскі ў Беларусі — гэта адказ на амэрыканскую дапамогу Ўкраіне»
— Напружанасьць пачала пасьці пасьля таго, як стала вядома, што Расея пачала сьцягваць войскі спачатку да расейска-ўкраінскай мяжы, а пасьля і ўвяла свае войскі ў Беларусь. Калі зараз Расея войскі адвядзе, то што яна атрымае ўзамен?
— Расея рэгулярна, кожны год, сьцягвае войскі да ўкраінскай мяжы. Калі пачалі гаварыць пра небясьпеку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, а гэта сьнежань 2021 году, колькасьць войскаў была меншая, чым у студзені 2021 году. У студзені 2022 году колькасьць войскаў была меншая, чым узімку 2015 году, чым увесну 2016-га, чым увосень 2017-га, была меншая, чым узімку 2019 году.
Цяпер да пытаньня вучэньняў у Беларусі. З пункту гледжаньня пазыцыянаваньня, іміджу Пуцін ня можа даць задні ход. Калі ЗША гавораць пра магчымасьць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, то, ня маючы магчымасьці аказаць рэальную падтрымку, яны дапамагаюць зброяй. Адпаведна, і Расея ідзе шляхам эскаляцыі. Расея падцягвае дадатковыя войскі.
Пры гэтым поўнамаштабная вайна ня выгадная нікому. Эскаляцыя на Данбасе цалкам магчымая, я маю на ўвазе лякальнае абвастрэньне на лініі фронту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці хочуць расейцы вайны? Тлумачыць намесьнік галоўнага рэдактара Carnegie.ru«Вялікая вайна дзеля захопу Ўкраіны па стане на сёньня, пры цяперашняй колькасьці сканцэнтраваных войскаў, малаверагодная»
— Ці можа лякальнае абвастрэньне прывесьці да вялікай вайны?
— Каб узяць Грозны — пры тым, што там не было авіяцыі, там было лёгкае ўзбраеньне, — Расея сканцэнтравала 45 тысяч чалавек толькі на адным гэтым участку. А Грозны — гэта ня горад-мільёньнік.
У Расеі цяпер сканцэнтравана каля межаў Украіны 120 тысяч чалавек. Калі ты займаеш тэрыторыю, то табе патрэбная або мясцовая адміністрацыя, паліцыя, ці нешта такое, або ты пакідаеш частку вайскоўцаў.
Паглядзіце, колькі міліцыі трэба на Менск. І падумайце, што прыблізна столькі ж вайскоўцаў трэба пакінуць, напрыклад, у Харкаве. Нават болей, бо гэта захопленая тэрыторыя.
І так Харкаў, Сумы, Палтава, Запарожжа, Днепр, Хэрсон, Мікалаеў, гэта калі верыць апакаліптычным сцэнарам пра захоп. А гэта толькі абласныя цэнтры, без раённых. Падумайце, ці хопіць у расейцаў сілаў хаця б на патруляваньне.
Другое. Калі ты задумаў захапіць тэрыторыю, то сьледам за канцэнтрацыяй ударных груповак адбываецца канцэнтрацыя тых, хто будзе падтрымліваць правапарадак. Гэта азначае войскі Расгвардыі прыкладна ў той жа колькасьці, то бок ня менш за 120 тысяч чалавек.
Вялікая вайна дзеля захопу Ўкраіны па стане на сёньня, пры цяперашняй колькасьці сканцэнтраваных войскаў, малаверагодная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледчая група CIT: падрыхтоўка расейскіх войскаў да магчымага ўварваньня ва Ўкраіну «практычна завершана»«Вельмі папулярныя паездкі ў цір»
— Дыпляматы пакідаюць Кіеў, уцякаюць нават алігархі. Ці перадаецца паніка звычайным людзям?
— Людзі жывуць звычайным жыцьцём. Адзінае, што рэальна ёсьць, — гэта павышаны попыт у крамах зброі. Набыць паўаўтаматычны карабін цяпер на 500 даляраў даражэй, як мінімум. Вельмі папулярныя паездкі ў цір. Мы — аналітычны цэнтар, нібыта «батанікі», — таксама з задавальненьнем езьдзілі патрэніравацца.
Вайсковы складнік украінскай арміі — каля 150–160 тысяч. Першая хваля рэзэрву — гэта людзі, якія прайшлі вайну на Данбасе, якія мабілізуюцца на працягу сутак. Гэта 240–250 тысяч чалавек, яны ўжо навучаныя, прайшлі вайну. Цяпер параўнайце гэта з 120 тысячамі, якіх называюць групоўкай уварваньня. А цяпер фармуюцца яшчэ войскі тэрытарыяльнай абароны.
«Лукашэнку вельмі выгадна гаварыць пра вайну»
— Што атрымае Лукашэнка за сваю ляяльнасьць Пуціну?
— Лукашэнку вельмі выгадна гаварыць пра вайну. Усе гавораць пра вайну, а ў Беларусі ідзе падрыхтоўка да рэфэрэндуму. Лукашэнку важна, каб Расея не замінала, каб заняла нэўтральную пазыцыю. Для гэтага трэба прадэманстраваць, што «я ваш».
Падчас кожнай электаральнай кампаніі Лукашэнка гаворыць пра злых украінцаў, якія хочуць дэстабілізаваць стабільную Беларусь. А цяпер дадаецца яшчэ і вайсковае пытаньне.
Калі Лукашэнка гаворыць пра вайну, яму важна выцыганіць трошкі грошай. Пажадана ў фармаце безь вяртаньня. Празь бюджэт Саюзнай дзяржавы, адбудову памежных тэрыторый, тэхнікі, іншых магчымасьцяў.
Таксама Лукашэнку важна гуляць на свайго выбарніка, маўляў, «прэзыдэнт у пагонах будзе абараняць краіну, якая ёсьць ён сам», гэта цудоўна заходзіць тым, каго сацыёлягі называюць аплотам Лукашэнкі.
Таксама гэта праца на расейцаў. Апэлюючы да Масквы, ён паказвае, што ён больш рускі, чым расейцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Выведзем войскі тады, калі з Пуціным вырашым гэта зрабіць»«Нэгатыўныя заявы Лукашэнкі пра Ўкраіну адбіваюцца на стаўленьні ўкраінцаў да беларусаў»
— Ці растуць ва Ўкраіне антыбеларускія настроі ў сувязі з заявамі Лукашэнкі?
— Раней, нягледзячы нават на яго нэгатыўныя заявы, гэта было малазаўважна, але цяпер гэта працуе. Раз-пораз былі нагоды, яны абмяркоўваліся і забываліся. Цяпер адбываецца тое, чаго не разумеюць піяршчыкі Лукашэнкі: калі ты хочаш, каб забываліся пэўныя рэчы, ты мусіш даваць час. Але цяпер нэгатыўныя заявы ідуць адна за адной. На звычайнага ўкраінца гэта робіць уплыў. Прэса таксама пераходзіць на нэгатыўныя да Лукашэнкі рэйкі. Такая нэгатыўная думка пачынае дамінаваць, і яна адбіваецца на сацыялёгіі.
«Будзе нейкая знакавая падзея, пасьля якой скажуць: ок, робім рух назад»
— Што павінна адбыцца, каб гэтая напружанасьць чаканьня вайны зьнікла?
— Украіну будуць схіляць да пэўных кампрамісаў, да перамоваў, хутчэй за ўсё да першай дэкады сакавіка. Дачакаемся сустрэчы нармандзкага фармату, магчыма, адбудзецца сустрэча Зяленскага і Пуціна ў Турэччыне, бо бакі тэарэтычна пагадзіліся. Будзе нейкая знакавая падзея, пасьля якой скажуць: ок, робім рух назад.
«Пазытыўная рэч ва ўкраінскай палітыцы, у тым ліку і ў грамадзкай думцы, — гэта пазбаўленьне ілюзій»
— А што ідэальны выхад для Ўкраіны?
— Трэба працаваць у фармаце адказу на пытаньне: што ты зьбіраесься рабіць з Данбасам рэальна. Расея — гэта пагроза на бліжэйшыя гады, зь ёй нічога ня зробіш. Але цяпер адбываецца пазытыўная рэч ва ўкраінскай палітыцы, у тым ліку і ў грамадзкай думцы. Гэта пазбаўленьне ілюзій, што Расея ня можа далей пагражаць вайной, а зь іншага боку, што ёсьць добры Захад, які нас абароніць. Абедзьве ілюзіі сьмяротныя. І гэтае пазбаўленьне ілюзій можа прывесьці да рацыяналізацыі палітыкі — уваходу ў рэгіянальныя кааліцыі. Калі гэты трэк працягнецца, то Ўкраіна мае шанец узмацніцца. Рацыянальна і жорстка працуючы ў сваіх інтарэсах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Нямеччыны: Эўропа ў небясьпецы, утрымаць Расею спрабуюць па ўсіх каналах