Украінскі лоўкостэр SkyUp: уладальнікі лізінгавых самалётаў запатрабавалі вярнуць іх на тэрыторыю Эўразьвязу

Лізінгадаўцы патрабуюць вяртаньня сваіх самалётаў з тэрыторыі Ўкраіны, заявілі ў авіякампаніі SkyUp.

Паводле кампаніі, найбуйнейшыя страхавыя кампаніі сьвету напярэдадні паведамілі ўкраінскім авіяперавозчыкам, што на працягу 48 гадзін спыняюць страхаваньне самалётаў для палётаў у паветранай прасторы Ўкраіны. Гэтае рашэнне тлумачаць «павышанымі рызыкамі пачатку баявых дзеяньняў».

«Адпаведна, уладальнікі паветраных суднаў — лізінгадаўцы — патрабуюць як мага больш хуткага вяртаньня самалётаў на тэрыторыю ЭЗ», — гаворыцца ў заяве.

SkyUp нагадвае, што напярэдадні павінна была пасадзіць свой самалёт, які накіроўваўся ў Кіеў, у Кішынёве на патрабаваньне ўладальніка судна. Паводле зьвестак кампаніі, лізінгадаўца забараніў свайму паветранаму судну перасякаць межы паветранай прасторы Ўкраіны. Пазьней украінскае Міністэрства замежных спраў паведаміла пра арганізацыю трансфэру пасажыраў ва Ўкраіну.

«Пакуль жа аналягічныя патрабаваньні аб вяртаньні самалётаў паступаюць ад іншых лізінгадаўцаў. Сытуацыя абмяркоўваецца на дзяржаўным узроўні — каб авіякампаніі мелі магчымасьць працягваць палёты ва Ўкраіну», — заяўляюць у кампаніі.

Раней украінскае Міністэрства інфраструктуры заявіла, што большасьць замежных авіякампаній працягваюць працаваць ва Ўкраіне без абмежаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі дэпутат: «Авіякампаніі плянуюць спыніць паветраны рух ва Ўкраіне з 14 лютага». Міністэрства інфраструктуры абвергла
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У сувязі з вайсковымі вучэньнямі». Беларусы расказваюць, як іх не пусьцілі ва Ўкраіну